icon
Культура

“Маркаўскаму роду няма пераводу”: незвычайная выстава адкрылася ў ГДУ імя Ф. Скарыны

10:00 / 10.02.2018
Автор: Святлана Хазей
Фото: Анастасіі Лашкевіч і Уладзіміра Чысціка

Каларытным нацыянальным касцюмам, мілагучнай жывой музыкай, запальным народным танцам ды кубкам хатняга малака сустрэла аматараў беларускай народнай творчасці і этнаграфіі незвычайная экспазіцыя “Маркаўскаму роду няма пераводу”, якая адкрылася 9 лютага ў выставачнай зале ГДУ імя Ф. Скарыны. 

 

Захавальнікі каштоўнай спадчыны нашых прадзедаў – брат і сястра Віктар і Вольга Шыпковы - на працягу дзесяці гадоў шукалі і збіралі па крупіцах цэнныя экспанаты. І сёння мы, жыхары сучаснага горада, можам ацаніць здабытыя імі скарбы. 

 

Побытавыя рэчы сялян, драўляны і чыгунны посуд, разнастайныя прылады працы, тканыя посцілкі, ручнікі ды набожнікі, ільняныя касцюмы з вышыванкамі – усяго каля пяцісот цікавых атрыбутаў беларускай вёскі пачатку XX стагоддзя ствараюць тую атмасферу беларускасці, якая прымушае міжволі залюбавацца і захапіцца хараством свайго роднага, нацыянальнага. 

 

- Мы імкнуліся данесці да сучаснікаў цэласны вобраз жыцця продкаў, - распавядаюць аўтары выставы. – Пачынаючы ад самых дробязных рэчаў паўсядзённага ўкладу, фальклорных звычаяў і традыцый да адметных асаблівасцей іх светапогляду. 

 

Дарэчы, светапогляд вяскоўцаў адлюстроўваецца і ў пажаўцелых з цягам часу фотаздымках, і ў карцінах, вытканых на посцілках ды дыванах, і ва ўзорах арнаменту на ручніках, хусцінках, фартухах. 

 

Па словах Віктара і Вольгі Шыпковых, калекцыя рэгіянальнай спадчыны Гомельшчыны расла падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, папаўнялася намаганнямі сяброў, сваякоў і іншых неабыякавых людзей. А яе пачаткам стала старадаўняя кашуля, выпадкова знойдзеная Віктарам у закінутай разбуранай вясковай хаце: 

 

- Кожны экспанат мае сваю гісторыю, за кожным – апавяданне пра сапраўднае жыццё. Не кнігі, а жывыя атрыбуты, прадстаўленыя на выставе, лепш за ўсё малююць яскравую карціну мінулага беларусаў. 

 

Як і меркавалася, незвычайная экспазіцыя прыйшлася да спадобы яе наведвальнікам. Для сучаснай моладзі, якая жыве падчас росквіту інфармацыйных тэхналогій, часцінка далёкага і роднага нагадала пра нацыянальныя карані, прымусіла з гонарам зірнуць на каштоўнасці нацыі. 

 

- Для нас гэта нешта дзіўнае і незвычайнае, - падзяліліся госці выставачнай залы. – Убачыць такое багацце сваімі вачыма, паспрабаваць свае здольнасці ў гульне на вясковым бубне, пакруціць кола старажытнага калаўроту, накінуць на плечы стракатую жаночую хусцінку – гэта тыя ўражанні і невымоўныя эмоцыі, якія ўмацоўваюць нацыянальную самасвядомасць. 

 

Выстава “Маркаўскаму роду няма пераводу” будзе працаваць у выставачнай зале ГДУ імя Ф. Скарыны да 1 сакавіка. Уваход вольны.

 

 

31m0sx8y2sg.jpg

 

 

56p5jtfdqrm.jpg

 

 

amehegj2ds4.jpg

 

 

azccxyphhjy.jpg

 

 

cqm00t3fpc0.jpg

 

 

gjjhcm49m38.jpg

 

 

hfjmfa78mos.jpg

 

 

q1ka9ropd4e.jpg

 

 

sjdgh4vzup0.jpg

 

 

zuioetcsqrc.jpg

 

 

 

Читайте "Гомельские ведомости" в Вконтакте, Twitter, Facebook, Instagram, Youtube, Одноклассниках

   Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы оставить комментарии.



наверх