icon
Общество

Васіль Ткачоў адсвяткаваў сваё 70-годдзе

14:00 / 11.01.2018
Автор: Мікола Гулевіч
Фото: из интернета

На пачатку студзеня аўтар шматлікіх п'ес, кніг прозы, у тым ліку для дзяцей, журналіст, публіцыст, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Васіль Ткачоў адсвяткаваў сваё 70-годдзе. З гэтай нагоды – інтэрв’ю з юбілярам.

 

– Васіль Юр’евіч, кім сябе адчуваеце ў першую чаргу: празаікам, драматургам, публіцыстам, журналістам, дзіцячым пісьменнікам, гумарыстам?

 

– У першую чаргу пісьменнікам. Даражу гэтым званнем. Сумна, прыкра, калі самадзейныя (ці пачаткоўцы) аўтары-графаманы на кожным кроку і крыкліва заяўляюць, што яны пісьмен-нікі. Трэба быць больш сціплымі. А то «сядзіць» на тэлеэкране дваццацігадовая дзяўчына, а пад яе выявай – цітры: мадэль, спявачка, пісьменніца… Ці не замнога для адной? Ці не рана?.. Сам я да пісьменніцкага білета ішоў доўга. Былі кнігі, пастаноўкі ў тэатрах. Памыляўся, сумняваўся, спадзяваўся. Нават блізкія часам не разумелі неадольнай цягі да творчасці. Сёння я шчаслівы. Раблю тое, ад чаго добра на сэрцы і ў мяне, і ў маіх чытачоў. Толькі перад чытачом лічу сябе адказным.

 

– Вы гарадскі ці вясковы пісьменнік?

 

– Дзяленне для творцы даволі ўмоўнае. Мяне цікавіць не прапіска, а, паўтараю, душа. І ўсё ж, бадай, як для былога вяскоўца, вясковая тэма бліжэй. У сельскім жыхары больш адкрытасці, грунтоўнасці, праніклівасці, гумару, да-кладнасці ў ацэнках. Вернемся да многастаночніцтва ў творчасці. Скажу так: мне аднолькава цікавы сумежныя жанры. Не ідзе проза – бяруся за п’есы ці публіцыстыку, калі не да п’ес – на паперу кладуцца апавяданні, гумарэскі… Так, між іншым, нарадзіліся мае ранейшыя п’есы «Сівы бусел», «Вокны», «Лесвіца», «Кветкі-ягадкі», «Усміхаўся месяц белай вішні», «Шкірдзюкі займаюць абарону», «Стары і дарога», за якую, дарэчы, атрымаў некалі першую прэмію на закрытым рэспубліканскім конкурсе, і іншыя.

 

– Адна з вашых вядомых п’ес называецца «Сівы бусел». Ці ж так бывае?

 

– Назва твора – не проста люстэрка, якое павінна трансляваць яго змест, гэта, калі хочаце, павелічальнае шкло… Сівы бусел – метафара, канешне. Гэта салдат, які пасівеў на вайне… Упершыню гэтая п’еса была пастаўлена ў Магілёве 32 гады назад, яна стала маім дэбютам. Потым я яе нікому больш не прапаноўваў, бо яна нейкім чынам усё ж была вучнёўская рэч… Але ж менавіта дзякуючы «Сівому буслу» я быў заўважаны на Усесаюзным семінары драматургаў у Піцундзе, п’есу пахвалілі, і яе набыло Міністэрства культуры СССР за даволі салідныя грошы, што дала мне магчымасць кінуць працу ў газеце і займацца толькі літаратурнай справай. Ды не трэба ж забываць, што тады я многа друкаваўся ў нашых літаратурных часопісах, у «ЛіМе», пісаў нататкі для радыё…

 

– Не крыўдна, што драматурга Ткачова адкрылі не там, дзе ён жыве, не ў Гомелі, а ў Магілёве?

 

– Было трошкі. Супакоіў сябе тым, што ў славян гэта спакон веку, амаль што нацыянальная рыса: сваё недаацэньваць, а перад чужым – схіляць калені. Парадокс, вядома, але калі я сваю першую п’есу прынёс у Гомельскі драматычны тэатр, там здзіўлена паціснулі плячыма: хіба ў Гомелі можа хто напісаць п’есу? У Мінску ж казалі: у нас сваіх, братка Васіль, хапае драматургаў. Міхаіл Варфаламееў раіў мне наогул перабірацца ў Маскву, казаў прыкладна так: з Гомеля не праб’ешся на сцэну, усе тэатры коса глядзяць на перыферыйных аўтараў. Нават чытаць твае п’есы не стануць. Перажыў, нічога. Але ніколі не схіляўся ні перад кім. І не буду гэтага рабіць. Сёння ж мае п’есы ставяць тэатры не толькі ў Беларусі, але і Расіі, Казахстана, Украіны, Таджыкістана. У фондах беларускага радыё ёсць два спектаклі, якімі я асабліва даражу: гэта «Стары і дарога» і «Ігнатаў рубеж». Апошні – пра чарнобыльскую бяду, і галоўную ролю ў ім выконвае народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў. На рэспубліканскім тэлебачанні запісаны спектакль «Следчы эксперымент» з удзелам народных артыстаў Марыі Захарэвіч, Генадзя Гарбука, Паўла Дубашынскага…

 

Ды і хіба ж не прыемна, што сваё сямідзесяцігоддзе сустракаю новымі прэм’ерамі. Так, навагоднюю казку «Храбры кравец» (напісаў яе ра-зам з драматургам з Волагды Уладзімірам Ілюховым, мы сябруем) ставяць адначасова ў нашым Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек і ва Усходне-Казахстанскім рускім драмтэатры, што ў г. Усць-Каменагорску. А Магілёўскі драмытычны тэатр рыхтуе спектакль па камедыі «Без Ягора будзе гора» (рэжысёр з Масквы Аляксандр Дольнікаў). Даў дазвол на пастаноўку гэтага твора і ў Рыбінскім драматычным тэатры. Толькі што адбыліся прэм’еры па маіх п’есах-казках у Магілёўскім тэатры лялек і ў Магілёўскім тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску.

 

– Некалі на вашай творчай вечарыне ў Мінску выступіў славуты зямляк – патрыярх беларускай літаратуры народны пісьменнік Іван Шамякін – і сказаў, што ў хуткім часе Гомель будзе ганарыцца, што там жыве цікавы, самабытны пісьменнік і драматург Васіль Ткачоў…

 

– Я ўдзячны Шамякіну за давер і падтрымку. У літаратуры ён быў для мяне як бацька. Яго словы для мяне не столькі ацэнка, колькі літаратурны компас, рухавік у творчасці. Яно ж і праўда: чым больш аддаеш, тым больш набываеш. Увогуле, пахвала дабаўляе сілы, як, напрыклад, добрае слова вядомага беларускага драматурга Алеся Дударава на тэатральным фестывалі «Мінская вясна-85». А спажывецкае стаўленне да творчасці абавязкова прыводзіць да галавакружэння ў адносінах да сябе. Пашанцавала мне і на іншых старэйшых таварышаў у літаратуры. Не магу не згадаць драматурга Алеся Петрашкевіча, празаікаў Міхася Даніленку і Івана Сяркова, паэтаў Міколу Чарняўскага і Міхася Пазнякова, маскоўскіх драматургаў Міхаіла Варфаламеева, Валянціна Азернікава, Георгія Палонскага. Ад апошняга ў свой час атрымаў вельмі карысныя парады. Ён, дарэчы, аўтар сцэнарыя шырокавядомага кінафільма «Дажывём да панядзелка». Што ж да Варфаламеева і Азернікава, то яны пераклалі мае першыя п’есы на рускую мову. Пазней гэта я пачаў рабіць сам, але досвед перакладу пераняў у іх.

 

– Хто часцей ходзіць у госці да пісьменніка: муза ці адчай?

 

– Часцей за ўсё – разам. Пішаш у добрым настроі, а прачытаеш напісанае – і дзяўбуць сумненні: а ці так трэба было? Незадаволенасць прымушае больш пільна ўглядацца ў жыцце і больш умела карыстацца пісьменніцкай «цэглай» – словам. Тут, як кажуць, ты сам сабе рэжысёр: і рэдактар, і крытык. Успамінаю колішнія словы народнай артысткі Беларусі Ніны Аляксееўны Карнеевай: «Сотні раз выходзіла на сцэну, а хвалююся як упершыню». Відаць, гэта звычайна і нармальна для творцы.

 

– Над чым працуеце ў свае семдзесят?

 

– Творчых планаў – толькі б часу і сіл хапіла. Хочацца стварыць такую п’есу, напісаць такі твор прозы, каб яны сталі нейкім сімвалам часу. А калі азірнуцца назад, то і зроблена нямала: выдаў 25 кніг, напісаў дзесьці 70 п’ес для дарослых і дзяцей. І амаль штодня працую над «Жыццёвінкамі». Іх ахвотна друкуюць газета «Звязда» і часопіс «Полымя». Мару некалі выдаць гэтыя карацелькі асобнай 
кніжкай.

 

– Ваш паўсядзённы ў жыцці дэвіз?

 

– Пахвалі пражыты дзень. Так я некалі назваў сваю кнігу публіцыстыкі. Так і жыву…

Читайте "Гомельские ведомости" в Вконтакте, Twitter, Facebook, Instagram, Youtube, Одноклассниках

   Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы оставить комментарии.



наверх