Суд адмовіў гамяльчаніну, які скардзіўся на адсутнасць беларускамоўнага класа ў школе па месцы жыхарства яго дачкі-першакласніцы | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Дар'я Малажаўская Дар'я Малажаўская Автор текста
18:13 14 Ноября 2018 Общество 3836

Суд адмовіў гамяльчаніну, які скардзіўся на адсутнасць беларускамоўнага класа ў школе па месцы жыхарства яго дачкі-першакласніцы

На гэтым  тыдні суд Чыгуначнага раёна разгледзеў скаргу жыхара абласнога цэнтра Сяргея Макрэнкі на дзейнасць службовых асоб сістэмы адукацыі. Па меркаваннi заяўніка, адмовай стварыць ў сярэдняй школе № 5 беларускамоўны першы клас было парушана права яго дачкі на навучанне на беларускай мове, а таксама быў парушаны прынцып роўнасці беларускай і рускай моў.

“Мною была пададзена заява на залічэнне маёй дачкі ў 2018 навучальным годзе ў першы клас СШ № 5 Гомеля з беларускай мовай навучання. На яе мне быў накіраваны адказ ад 31.08.2018, падпісаны дырэктарам школы № 5 Таццянай Даманчук, у якім было сказана, што “згодна з пададзенай заявай дачка залічана ў першы клас з рускай мовай навучання.

Пасля гэтага я атрымаў ліст з упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама, у якім паведамлялася, што “…сярэдняя школа № 5 у адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў , эканамічнай мэтазгоднасці не мае магчымасці адкрыць клас з напаўняльнасцю адзін вучань”.

Такім чынам у першы клас дачка заяўніка пайшла ў гімназію № 36 імя І. Мележа, у якой створаны ўмовы навучання на беларускай мове. Але гэтая ўстанова адукацыі знаходзіцца далёка ад месца пражывання сям’і Макрэнка.

Па словах дырэктара сярэдняй школы № 5 Таццяны Даманчук, напярэдадні навучальнага года кіраўніцтва ўстановы адукацыі правяло анкетаванне бацькоў, дзеці якіх наведваюць дзіцячыя садкі ў адпаведным мікрараёне. Жаданне, каб іх дзеці навучаліся на беларускай мове, выказалі ўсяго два чалавекі са 130 апытаных. Яшчэ адзін выбраў адразу дзве мовы.

- У нас дзве дзяржаўныя мовы, - сказала Таццяна Даманчук. - Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, пачынаючы з другога класа, аднолькавая колькасць гадзін беларускай і рускай мовы. Да 28 жніўня ў школу бацькі падалі 30 заяў, сярод якіх толькі ў адной было пажаданне вучыцца ў беларускамоўным классе.

-У Гомелі створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзеці маглі паўнацэнна развівацца ў грамадстве і ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, - бок адказчыка таксама прадстаўляла галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Алена Рэзнік. - Калі будзе запыт на далейшае развіццё беларускамоўных класаў, то іх сетка, безумоўна, будзе пашырацца. Мы ведаем, што па запыту законных прадстаўнікоў у двух дзіцячых садках Гомеля дзейнічаюць беларускамоўныя групы. Таму ўсё залежыць ад жадання законных прадстаўнікоў.

Заслухаўшы ўдзельнікаў паседжання, суд адмовіў у скарзе. У тым ліку да ўвагі было прынята тое, што навучанне аднаго дзіцяці ў класе не адпавядае педагагічным мэтам – выхаванню сацыялізаванага чалавека. Таксама ў СШ № 5 адсутнічаюць тэхнічныя магчымасці арганізаваць вучэбны працэс класса з адным вучнем. Акрамя гэтага дзіця заяўніка забяспечана навучаннем на беларускай мове ў іншай школе.

Рашэнне па гэтай скарзе можа быць абскарджана ці апратэставана пракурорам у 15-дзённы тэрмін з дня абвяшчэння ў Гомельскі абласны суд праз суд Чыгуначнага раёна.

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N