Владимир Гаврилович поздравляет с Днём учителя
Паважаныя настаўнікі, выкладчыкі, выхавацелі, кіраўнікі ўстаноў і ветэраны адукацыі Гомеля і Гомельшчыны! Дарагія падзвіжнікі педагагічнай, выхаваўчай дзейнасці!
Сардэчна віншую ўсіх вас з прафесійным святам – Днём настаўніка!
Захоўваючы пераемнасць і адданасць сваёй справе, любоў да дзяцей і вернасць роднай зямлі, вы сваёй нялёгкай і няпростай працай старанна выбудоўваеце будучыню нашай дзяржавы, якая сёння складаецца і заўтра будзе складацца з дасягненняў сённяшніх і будучых вашых навучэнцаў і выхаванцаў. Менавіта ад вашай душэўнай цеплыні, увагі і любові да дзяцей, самаахвярнасці і прафесіяналізму залежыць, якімі яны вырастуць людзьмі, якім стануць народам, ці будзе людскасць і душэўная цеплыня ў іх сэрцах…
Мне асабіста хочацца аднаго: каб яны, нашы дзеці і ўнукі, дзякуючы мудрым, таленавітым настаўнікам і абапіраючыся на жыццёвы, грамадзянскі вопыт сваіх бацькоў навучыліся берагчы сваю малую і вялікую Радзіму – нашу сінявокую Беларусь, шчыра любілі свой край, шанавалі сям’ю, род, спадчыну, веру. Каб яны былі шчаслівымі пад мірным сонечным небам, а мы – разам з імі!
У гэты святочны дзень жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту!
З глыбокай павагай, Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, пісьменнік У. М. Гаўрыловіч