Як вязніца канцлагера Героя «ў палон» узяла | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Уладзімір Пернікаў Уладзімір Пернікаў Автор текста
15:50 18 Ноября 2023 Общество 2116

Як вязніца канцлагера Героя «ў палон» узяла

Аб лёсе сваіх бацькоў-патрыётаў – вязніцы фашысцкага канцлагера «Равенсбрук» Наталлі Сапун і сяржанта-чырвонаармейца Паўла Буйневіча – апавядае Таццяна Лашкевіч.

НАТАЛЛЯ ПІЛІПАЎНА. Ёй было васемнаццаць гадоў, калі пачалася вайна. Паходзіла дзяўчына з сям’і, дзе расло пяцёра дзяцей, на якіх згадзілася пайсці яе маці, на што ўгаманіў яе ўдавец Піліп Сапун – патомны селянін вёскі Зай­цы Чарнігаўскай вобласці. Наталля стала шостай. З маленства яна вызначалася самастойнасцю ў прыняцці рашэнняў, рызыкоўнасцю і адвагай. Калі ззаду засталася сямігодка, Наталля адчаліла ў падмаскоўны горад Люберцы, дзе ўладкавалася ў падсобнай гаспадарцы армейскай авіячасці. Там жа ўступіла ў камсамол, чым вельмі ганарылася, як і тым, што на рабоце яе хвалілі і ставілі ў прыклад.

– І вось, – распавядае Таццяна Паўлаўна, – водпуск. З падарункамі, у добрым настроі пры­ехала мама дадому, а праз тыдзень–паўтара – вайна. Пераабсталяваны пад шпіталь будынак школы ў Зайцах перапоўнілі параненыя салдаты і афіцэры. Мама даглядала за імі. Ужо ў верасні фрыцы акупавалі ўсю Чарнігаўшчыну, шпіталь расфарміраваўся, і ў тым вэрхале параненым ніхто не змог дапамагчы.

Першымі з чужынцаў у Зайцах з’явіліся матацыклісты. Гітлераўцы адкрылі на вуліцах і падворках вяскоўцаў страляніну па курах ды пеўнях, свежавалі парсюкоў і ў падпітку пад губныя гармонікі дралі горлы сваімі песнямі. За самае нязначнае непадпарадкаванне «новым парадкам» – плётка-дратаванка, шыбеніца ці куля ў лоб. Неўзабаве пайшло паляванне на моладзь, якую ўганялі ў Германію, і Наташа ў маі 1942 года апынулася ў лапах фашыстаў.

ПАКУТЫ І ЖАХІ. У Нямеччыну везлі некалькі сутак, без кармёжкі, у вагонах-цялятніках. Наталля па дарозе занатоўвала ў тоўстым сшытку ўсё, што бачыла, чула і перажывала. А яшчэ з трывогай думала, што будзе, калі фашысты знойдуць камсамольскі білет, зашыты ў падкладку курткі, і партрэты Леніна і Сталіна, акуратна падклееныя пад вокладку сшытка.

На канчатковай станцыі пачалося размеркаванне нявольнікаў. Наталлю Сапун выбрала сярэдняга ўзросту фрау – жонка бургамістра. Сям’я мела трох дзяцей – Ганса, Маргарэт і Эрыку, валодала шматгектарным зямельным участкам, некалькімі дзясяткамі кароў і коней. Усё гэта абслугоўвалі жанчыны з Усходняй Еўропы і ваеннапалонныя з розных краін. Наталля амаль цэлы год жыла ў гэтай сям’і. З пяці да дваццаці трох гадзін – дойка кароў, уход за імі, работа па дому, які меў два паверхі, мыццё бялізны, уборка тэрыторыі. Праўда, ежы хапала. Больш таго, дзяўчына падкармлівала двух палонных, якія рабілі запас прадуктаў з тым, каб збегчы, на што падбівалі і яе.

Але пра задуманае стала вядома гестапаўцам, і француза з югаславам арыштавалі. Допыту падверглася і Наталля. А тут яшчэ Маргарэт далажыла бацькам, што «рабыня» вядзе нейкія запісы ў сшытку. У выніку ён апынуўся ў руках гестапа, а Наталля – ў турме горада Дрэздэна. Месяц у камеры-адзіночцы, без аніводнага акна і свежага паветра. Голад, холад, лупцоўка на допытах. І пастаянная трывога: пры ёй камсамольскі білет (вобыску падчас арышту не было). За яго і партрэты Леніна і Сталіна, як мае даць, расстрэл ці шыбеніца. Чаго, сцяўшыся ў спружыну, і чакала нявольніца. Але яе перавезлі ў канцэнтрацыйны лагер смерці «Равенсбрук».

З АГНЯ ДЫ Ў ПОЛЫМЯ. Навічкоў у лагеры распранулі нагала, абстрыглі і на двары з брандспойтаў абдалі халаднючай вадой. Затым «надзялілі» паласатай робай, драўлянымі чаравікамі (саба) і асабістымі нумарамі. На робе Наталлі ён, 24641, быў змешчаны ў чырвоным трохкутніку з літарай «Р», што азначала: руская палітычная вязніца. Пра свае сапраўдныя прозвішчы і імёны было загадана забыць, адгукацца толькі на нумары.

Вязні цяжка працавалі па 12–14 гадзін у суткі. На сняданак – сурагат кавы, на абед і вячэру–баланда з бручкі і кавалачак хлеба. Сілы выматвалі і апельплацы – пастраенні ў любы час сутак на пераклічкі, паказныя пакаранні нявольнікаў, якія дапусцілі нават самыя нязначныя парушэнні «парадку». У арсенале – пазбаўленне ежы, штрафныя камеры, фізічная экзекуцыя, газавая печ, цкаванне сабакамі, расстрэл. Неаднойчы Наталля бачыла, як галодныя жанчыны грызлі кару, як прыстрэльвалі тых, хто не меў сіл працаваць. Была сведкам і такой жудасці. У нявольніцы памірала дзіця, і капо (наглядчыца) пачала вырываць яго з рук маці. А тая не аддавала. Падбегла другая наглядчыца і разам з першай пусцілі ў ход гумавыя дубінкі, пасля чаго ўкінулі немаўля ў печ крэматорыя.

Удары дубінкі адчула на сабе і Наталля. За тое, што ў час апельплац стаяла без аднаго саба (у ім адарвалася падэшва), ёй прысудзілі 25 удараў. Дзяўчыну голай паклалі на спецыяльны станок, намертва замацавалі рукі і ногі, і кат пачаў з адцяжкай біць. На пятнаццатым удары яна страціла прытомнасць. Як пасля гэтага засталася жывой, аднаму Богу вядома.

Пазней з групай нявольніц Наталля апынулася ў горадзе Барт, дзе знаходзіўся філіял канц­лагера «Равенсбрук» – рамонтны авіязавод «Хейнкель». Там дзяўчына пасябравала з чэшкамі Марыяй і Бажэнай. Менавіта ў гэты час Наталлі Сапун падкінулі запіску: у рабочай скрыні Марыі трэба ўзяць груз і перанесці яго ў смеццевую урну каля выхада з цэха. Рызыка была вялікая. Ці не правакацыя гэта? Тым не менш перанесла падобныя на мыла брускі тола ва ўказанае месца. А ў абедзенны перапынак перад кастрычніцкім святам (на двары быў лістапад 1944-га) у цэху выбухнула з такой сілай, што ад двух адрамантаваных самалётаў мала што засталося. Як ні стараліся нацысты, арганізатараў дыверсіі не выявілі.

А вось у наступны раз патрыётцы не пашанцавала. Яна падбіла групу суайчынніц на спазненні на работу, псаванне дэталяў, утойванне дэфіцытных свердзелаў, алюмініевых заклёпак і выкідванне іх у прыбіральню. У выніку іх там накапілася столькі, што вада з каналізацыі пацякла ў цэх. Завадатараў дыверсіі Наталлю і Тамару з Харкава арыштавалі, моцна збілі і на трое сутак без адзежы, ежы і пітной вады змясцілі ў падземны жалезабетонны склеп. Поўная цемра, асклізлыя сцены, на падлозе па шчыкалаткі сцюдзёная вада. Каб не скалець ад холаду, нявольніцы па чарзе садзіліся на парашу і прыціскаліся адна да адной. Ад галоднай смерці выручылі Бажэна з Марыяй і іншыя сяброўкі. Яны задобрылі ахоўнікаў гасцінцамі, якія атрымлівалі ў пасылках з дому ці па лініі Чырвонага Крыжа. Дзякуючы гэтаму няшчасныя зрэдку мелі магчымасць падсілкавацца якім сухаром.

СУСТРЭЧА З РАКАСОЎСКІМ. Вязніцы «Равенсбрука» былі вызвалены Чырвонай арміяй за дзевяць дзён да Перамогі. Калі Наталля Піліпаўна трапіла ў ваенны шпіталь, урачы жахнуліся: пры 164-сантыметровым росце вага ў вопратцы ўсяго 43 кілаграмы. Дзяўчыне было 22 гады, тры з якіх яна правяла ў невыносных умовах нацысцкіх канцлагераў і не зламалася, а з рызыкай для жыцця старалася шкодзіць ворагу. Даведаўшыся аб гэтым, салдаты і афіцэры, якія лячыліся ў шпіталі, сталі наведвацца да яе ў палату, падбадзёрваць, прыносіць падарункі.
Вестка аб легендарнай вязніцы № 24641 дайшла да камандуючага 2-м Беларускім фронтам маршала Савецкага Саюза Ракасоўскага, і Канстанцін Канстанцінавіч палічыў сваім абавязкам сустрэцца з ёй. Сорак хвілін чакаў, пакуль дзяўчына прачнецца, бо ведаў, што сон для яе на тыя часы быў галоўным лякарствам. Пасля гутаркі Ракасоўскі распарадзіўся залічыць дзяўчыну ў адно з вайсковых падраздзяленняў, і даў каманду адкарміць. Таксама Наталлі Сапун уручылі дакумент аб надзяленні пэўнымі ільготамі.

ХРАБРЫ І АДЧАЙНЫ. «Мой тата, – усміхаецца Таццяна Паўлаўна, – у першы раз убачыў Наталлю Піліпаўну ў тым самым шпіталі, дзе папраўляўся пасля цяжкага ранення. А ў другі – у верасні 1945 года на Кіеўскім чыгуначным вакзале Масквы. Да білетных кас вялізныя чэргі, і да адной з іх, дзе стаялі генералы, Героі Савецкага Саюза, поўныя кавалеры ордэнаў Славы, у нерашучасці памкнулася дзяўчына. Нехта з чаргі спытаў, ці не памылілася яна. Наталля паказала даведку ад Ракасоўскага, і ўсе з павагай зірнулі на яе, а прыгожы і статны сяржант з Зоркай Героя на грудзях (гэта быў мой будучы тата) прапанаваў месца ў чарзе перад сабой».

Сям’я Буйневічаў, 1966 год. Фота з сямейнага архіва Буйневічаў



Аказалася, што ехаць ім у адным напрамку. Размовы ў цягніку настолькі зблізілі маладых лю­дзей, што Павел Мікалаевіч спытаў у Наталлі дазволу ехаць з ёй на Чарнігаўшчыну. А праз месяц яны адправіліся на яго радзіму ў вёску Новыя Грамыкі Веткаўскага раёна, дзе сустрэліся з дачкой Паўла Мікалаевіча Марыяй, маці якой памерла ў 1942 годзе, яго сёстрамі і іншымі сваякамі.

Першапачаткова Буйневічы жылі ў разбураным Гомелі ў бараках, а калі пачалі падрастаць дзеці Коля, Саша і Таня (а была ж яшчэ і Марыя), атрымалі кватэру.

– Наш бацька Павел Мікалаевіч чалавекам быў не вельмі гаваркім, тым не менш з яго скупых расказаў, а больш ад радні, – успамінае Таццяна Паўлаўна, – мы даведаліся пра яго даваеннае жыццё ў беднай сялянскай сям’і. Ён спачатку быў простым калгаснікам, потым працаваў трактарыстам, загадчыкам склада, на іншых пасадах. Стаўшы ўдарнікам, у 1933 годзе прыняў удзел у рэспубліканскім з’ездзе калгаснікаў.

Паўлу Буйневічу як камандзіру аддзялення кавалерыйскага палка давялося ваяваць з белафінамі. У час Вялікай Айчыннай яго франтавыя дарогі пралеглі праз Расію, Беларусь, Польшчу і закончыліся пад Берлінам. Тата праславіўся ў першы год вайны як камандзір гарматы асобнага зенітнага дывізіёна супрацьпаветранай абароны, што пры ахове мастоў праз раку Сож у раёне Гомеля знішчыў 42 варожыя самалёты. А пры вызваленні Гомеля ў 1943 годзе Павел Мікалаевіч у рукапашнай схватцы выратаваў свайго камандзіра Сяркова і пазней пад Пінскам разам з ім узяў у палон важнага штабнога генерала. Пры пераправе праз Віслу гарматны разлік Буйневіча з пяці чалавек знішчыў восем артылерыйскіх гармат, дзесяць станкавых кулямётаў, і калі паранены застаўся адзін, то апошнім шрапнэльным снарадам, а потым з аўтамата ППШ і гранатамі адправіў на той свет 45 нацыстаў. Пасля чаго страціў прытомнасць і папаў ў ваенны шпіталь.

Герой Савецкага Саюза Павел Мікалаевіч Буйневіч узнагароджаны ордэнам Леніна, Чырвонай Зоркі, Славы III ступені, Айчыннай вайны I і II ступеняў, пасля чатырох раненняў кожны раз вяртаўся ў строй.

ЧЭШСКІЯ ГОСЦІ. У Савецкай арміі гвардыі старшына Павел Буйневіч служыў да 1967 года, некаторы час працаваў старшынёй калгаса і 17 гадоў – у аддзеле пазаведамаснай аховы Цэнтральнага раёна Гомеля. Наталля Піліпаўна спачатку ўладкавалася ў дзіцячы садок, потым працавала ў магазіне «Падарункі». Туды ў 1976 годзе зайшлі прадстаўнікі дэлегацыі з горада Чэске-Будзеёвіцэ, і Наталля Піліпаўна папрасіла пасадзейнічаць у пошуку вязніц 24716 і 24717, з якімі сябравала ў фашысцкім канцлагеры. Чэхаславацкія газеты і часопісы апублікавалі аб’яву беларускі, указаўшы яе лагерны нумар 24641, і неўзабаве яна атрымала пісьмо ад Бажэны Шціпковай, а яшчэ праз каторы час сям’я Буйневічаў сустракала чэшку з яе сынам Уладзімірам на гомельскім вакзале.

– Госці, – апавядае Таццяна Паўлаўна, – прабылі ў нас дзесяць дзён, наведалі помнік гомельскім падпольшчыкам, Курган Славы, Хатынь. Потым у Чэхаславакію паехалі тата з мамай, а пасля, у 1980 годзе, і я з імі была там. Нашы сем’і перапісваліся да таго часу, пакуль не пайшла з жыцця Бажэна.

Дакладна не ведаю, якім чынам адшукалі адна адну Наталля Піліпаўна і харкаўчанка Тамара. Памятаю, як яна з’явілася да нас з буханкай хлеба, патлумачыўшы, што гэта не проста ежа, а напамінак пра тое, чаго так не хапала ў засценках канц­лагера. І гэтая сустрэча таксама не абыйшлася без слёз радасці і душэўных хваляванняў.

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N