Не стала таленавітага гомельскага пісьменніка і драматурга Васіля Ткачова
На 75 гадзе жыцця перастала біцца сэрца таленавітага беларускага пісьменніка Васіля Юр’евіча Ткачова.
Развітанне з літаратарам адбудзецца ў Гомелі 15 лютага ў 9.30 каля дома па вуліцы Яфрэмава, 1. Пахаваюць пісьменніка на яго малой радзіме ў Рагачоўскім раёне.
Васіль Юр’евіч Ткачоў нарадзіўся 1 студзеня 1948 года ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна. Вучыўся ў Ісканскай васьмігадовай школе Быхаўскага раёна. Пасля заканчэння Ільічоўскай СШ Рагачоўскага раёна працаваў у раённых газетах (г.Івацэвічы, г.п. Карма). У 1967 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце на касмадроме Байканур. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Быў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі. З 1980 года жыў і працаваў у Гомелі карэспандэнтам шматтыражкі «Сельмашавец», стылістам і спецыяльным карэспандэнтам абласной газеты «Гомельская праўда». У 1989-2005 гадах узначальваў Гомельскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Удзельнічаў у рабоце ІХ з'езда Саюза пісьменнікаў СССР (Масква, 1992). Член Саюза тэатральных дзеячаў (2006). З 1989 года – член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. З 2006 года – член Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Васіль Ткачоў з’яўляецца аўтарам 25 кніг прозы, публіцыстыкі і драматургіі.
Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў у галіне літаратуры за кнігу «Снукер» (2011), лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі за творы для дзяцей (2012) і расійскай імя Баяна за ўмацаванне літаратурных сувязяў (2000). Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага за кнігу п’ес «Последний» (2013) і кнігу публіцыстыкі «Сцежкі-дарожкі» (2018). Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі па драматургіі за кнігу п’ес «Характары» (2017).
Шырока вядомы як драматург. Спектаклі па п’есах Васіля Ткачова запатрабаваны ў тэатрах нашай краіны, а таксама ў Расіі, Казахстане, Эстоніі, Таджыкістане.
У тэатрах, на тэлебачанні і радыё ажыццёўлены пастаноўкі п'ес «Вокны», «Сівы бусел», «Курорт для зяця», «Стары і дарога», «Ігнатаў рубеж», «Добрае стаўленне да сабакі», «Лесвіца», «Прыгоды з Канапухіным», «Следчы эксперымент», «Шкірдзюкі займаюць абарону», «Перапалох», «Усміхаўся месяц белай вішні», «Хтосьці ходзіць за акном...», «Апошні», «Белы ліст», «Без Ягора будзе гора», ( «На ўсе сяло адзін мужык»), «Букет для ўнука» (сумесна з Ю. Вута), «Бліндаж» (па аповесці В. Быкава), «Лялькі», «Два мяшкі цукерак», «Вушасцік», «Дзе жыве Некукарэка», «Як воўк мамай быў», «Непаслухмяная запалка», «Аднойчы гарачым летам... », «Чарадзейны рукзачок», «Некалючык", «Заяц-гром», «Снежная каралева», «Страказа і Мурашка» і іншыя.
Пераможца закрытага Рэспубліканскага конкурсу на лепшую п'есу («Стары і дарога») і іншых творчых конкурсаў.
Творы таленавітага пісьменніка перакладаліся на рускую, украінскую, гугаузскую, польскую, туркменскую, удмурцкую і марыйскую мовы.
Асобныя апавяданні ўключаны ў чытанкі для вучняў малодшых класаў.
Васіль Ткачоў быў членам рэдкалегіі часопіса «Вожык».
Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2007), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру» (2012). Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2014). Адзначаны прэміяй Рагачоўскага райвыканкама «Залаты Рог» (2014). Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна (2016).
Да апошняга дня творы, артыкулы, інтэрв’ю В.Ю.Ткачова з’яўляліся ў перыядычным друку Беларусі. Ён шчыра адгукаўся на прапановы савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі» аб удзеле ў творчых літаратурных акцыях і мерапрыемствах па папулярызацыі літаратуры і чытання. Таленавіты творца часта выступаў перад школьнікамі, навучэнцамі, студэнтамі, вайскоўцамі, актыўна ўдзельнічаў у майстар-класах па выніках Форума маладых літаратараў Гомельшчыны. За актыўную творчую і грамадскую працу Васіль Ткачоў 5 сакавіка 2020 года ўзнагароджаны медалём Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру».
На працягу многіх гадоў Васіль Юр'евіч супрацоўнічаў з газетай «Гомельскія ведамасці» у якасці пазаштатнага аўтара. Супрацоўнікі нашай рэдакцыі выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім Васіля Ткачова ў сувязі з адыходам з жыцця таленавітага пісьменніка і драматурга.