Гурт “Стары Ольса” выступіў у Гомелі

Гурт «Стары Ольса» прэзентаваў на сцэне Гарадскога цэнтра культуры новы альбом застольных спеваў «Вада, хмель і солад». Тэма застолля чырвонай ніткай праходзіла праз усе новыя і добра знаёмыя творы калектыва.
«Вада, хмель і солад» – гэта вынік шматгадовай плённай працы музыкантаў. У аснове альбома ляжаць беларускія народныя балады і ваярскія песні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесанса, прыдворная музыка з так званага «Полацкага сшытку», а таксама еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесанса. Многія з тагачасных тэкстаў былі перакладзены музыкантамі з польскай і лацінскай моў.
Падчас выступлення лідэр і заснавальнік гурта Зміцер Сасноўскі не раз прызнаваўся ў любві да роднага Гомеля. Вельмі многае звязвае з горадам над Сожам і іншых музыкантаў. Мабыць пагэтаму, нягледзячы на тое, што апошнія два гады ў жыцці калектыву выдаліся вельмі багатымі на гастролі, «Стары Ольса» не прапускае магчымасці выступіць перад гамяльчанамі.
Як кажуць шматлікія аматары гурта, «Стары Ольса» – гэта спалучэнне прыгожага гучання дуды, лютні ды барабанаў з мілагучнасцю беларускай мовы. Наогул, творчасць калектыва дазваляе аднавіць гучанне многіх забытых інструментаў, накшталт колавай ліры ці трумшайта або тромбамарыны.
Гурт існуе з 1999 года, але сапраўды прарыўнымі можна лічыць 2016 і 2017 гады, калі шырокай публіцы былі прадстаўлены альбомы Medieval Classic Rock і «Вада, хмель і солад». Менавіта з першым альбомам, у якім спалучаецца гучанне старажытных інструментаў з папулярнымі тэкстамі рок-гуртоў Metallica, Red Hot Chili Peppers, Pink Floyd, Deep Purple, AC\DC, музыкі правялі паспяховае турнэ па Злучаных Штатах Амерыкі і былі намінаваны на буйную амерыканскую музычную прэмію Independent Music Awards у намінацыі Cover Song. Апошні альбом таксама намінаваны на гэтую прэмію, толькі ў катэгорыі World Traditional. Як раз на канцэрце ў нашым абласным цэнтры Зміцер Сасноўскі заклікаў усіх прыхільнікаў «Старога Ольсы» падтрымаць гурт на сайце гэтай прэстыжнай прэміі.
Пасля выступлення, якое доўжылася амаль дзве гадзіны, музыканты сустрэліся з аматарамі сваёй творчасці: адказвалі на шматлікія пытанні, раздавалі аўтографы, зрабілі сотні фотаздымкаў.
У бліжэйшых планах калектыва – удзел у традыцыйным Калядным фэсце, які адбудзецца 25 снежня, а ўжо ў новым годзе, са студзеня па сакавік – новы тур па ЗША.
Автор фото: Ігар Сцепанцоў