Гомельские ведомости Гомельские ведомости
09:10 26 Декабря 2013 Культура

У Гомелi адкрываецца выстава "Казка ў дрэве"

Філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Гомелі запрашае на выставу “Казка ў дрэве”.
 
Дрэва – адзін з самых архаічных сімвалаў у традыцыйнай культуры. Гэта і Сусветнае Дрэва, і дрэва-мяжа, і дрэва-лекар… У народзе вельмі шчыльна распрацавана размежаванне добрых і нядобрых дрэў, мужчынскіх і жаночых.
 
Сыходзячы з вопыту шматгадовай збіральніцкай працы Веткаўскага музея, можна смела сцвярджаць, што менавіта дрэвам належала важная лекавая функцыя ў народнай медыцыне. Шматлікія рэцэпты лекавых адвараў не абыходзіліся амаль ніколі без пупышак, лісцяў і карэнняў дрэў.
 
Асаблівую ўвагу прыцягвае да сябе пласт тэкстаў замоў, якімі карысталіся жанчыны-знахаркі, каб вылечыць, зрабіць добрую справу для чалавека, а часам і ліхую бяду наклікаць на ворага. У шматлікіх рытуальных тэкстах-замовах цэнтрам усяго дзеяння выступае менавіта дрэва.
 
Відаць, таму і склаліся ў чалавека своеасаблівыя адносіны да дрэва, як нечага таямнічага і загадкавага.
 
А вось жыхар Гомеля Барыс Міхайлавіч Васількоў - сапраўдны чараўнік па дрэве. Пад яго ўмелымі рукамі звычайны абрубак дрэва, пень, сучок сапраўды ажывае. Ён па-майстэрску выразае і злосных ваўкоў, і дужых мядзведзяў, і палахлівых зайцаў, кемлівых мышак, і нават цэлыя казачныя гісторыі: “Піліпка-сынок”, “Залатая рыбка”, “Калабок”. І так працягваць можна да бясконцасці. Самае галоўнае ў працах майстра – гэта характар, якім надзяляе Барыс Міхайлавіч кожнага са сваіх драўляных герояў. “Я ж з душой усё раблю, кожны з іх – гэта я”, – дзеліцца разважаннямі, кажучы пра свае работы, майстар.
 
Дапаўняе гэту выставу ўнікальная калекцыя тканых ручнікоў “дубраўскай” традыцыі. Менавіта на гэтых ручніках, як і ў замовах, цэнтрам кампазіцыі становіцца вобраз дрэва (“дубам” паткана, “дубам з яйцамі”, “дубовым лісцем”, “яблакамі”, “стоўпам”, “крастом”, “елачкай”, “цэркаўкай”) як медыятара паміж нябёсамі, зямлёй і падземным светам.
 
Адкрыццё: 27 снежня 2013 г. (пятніца), 16:00.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях