Адкуль у Майсея рогі? Унікальная скульптура-копія захоўваецца ў Гомелі | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Дарья Моложавская Дарья Моложавская Автор текста
10:30 03 Марта 2022 Культура

Адкуль у Майсея рогі? Унікальная скульптура-копія захоўваецца ў Гомелі

Яны сталі маўклівымі сведкамі эпох, бачылі, як змяняюцца стагоддзі, падзеі, людзі. У новым праекце разам з супрацоўнікамі музеяў Гомеля мы раскажам пра цікавыя экспанаты, гісторыя якіх значна большая, чым дата і месца вырабу.

А ці ведалі вы, што ў палацы Румянцавых і Паскевічаў захоўваецца ўнікальная статуя, «спісаная» са скульптуры Мікеланджэла? І няхай гомельскі «Майсей» не такі вялікі па памерах, але ж ён, як і яго італьянскі «брат», захоўвае шмат загадак, якія намагаюцца растлумачыць даследчыкі з усяго свету. Паспрабавалі адгадаць некаторыя з іх разам з загадчыцай навукова-фондавага аддзела Таццянай ЗЫГМАНТОВІЧ. 


Родам з Італіі. 

Канешне ж, гомельскай статую «Майсей» мы назвалі, каб падкрэсліць, што ў нашым горадзе такая цікавая рэч ёсць. Але ж на самой справе ніякая яна не гомельская, а прыбыла ў палац горада над Сожам аж з самога Рыму стараннямі сям’і Паскевічаў. 

– Хутчэй за ўсё яе прывёз Фёдар Іванавіч, хаця дакладных звестак няма, – разважае Таццяна. – Але, уласна кажучы, у тым, што «Майсей» праз тысячы кіламетраў трапіў да нас, няма нічога дзіўнага. Вядомы факт: Паскевічы былі знатакамі мастацтваў, збіральнікамі прыгожых і каштоўных рэчаў, якія яны прывозілі ў Гомель з розных краін света. 

Дык вось, верагодна, падчас аднаго з падарожжаў па Еўропе набыў Фёдар Іванавіч у Рыме скульптуру «Майсей». То быў час, калі ўсхваляўся класіцызм, шматлікія майстры рабілі копіі шэдэўраў а-ля антычнаць, якімі забяспечаныя грамадзяне ўпрыгожвалі свае палацы, замкі, сады. Сярод такіх грамадзян быў і наш князь Паскевіч, які меў для гэтага і сродкі, і мастацкі густ. 


Вялікі «брат». 

Скульптура, прадстаўленая ў гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў, безумоўна, цешыць вока наведвальнікаў, нават распешчаных замежнымі музеямі. Несумненна, не горшым павінен быць і арыгінал, з якога яна была «спісана». Дык вось, уявіце, старэйшы «брат» гомельскай статуі – гэта мармуровы «Майсей» з Італіі, які займае цэнтральнае месца ў скульптурнай грабніцы папы Юлія ІІ. Створаны ён быў у 1513–1515 гадах знакамітым італьянскім мастаком Мікеланджэла Буанароці. Вышыня арыгінальнай работы больш за 2,3 метра. З часоў свайго стварэння скульптура «Майсей» Мікеланджэла ўспрымаецца мастацтвазнаўцамі як адно з найвялікшых здзяйсненняў чалавечага генія. 



– Даследчыкі з усяго свету адзначаюць тое, наколькі гэтая скульптура анатамічна дакладная, менавіта становішча і выгляд мышцаў у момант прымання асобнай позы – усё можна разгледзець да дробязяў! – захапляецца Таццяна Зыгмантовіч. – Існуе шмат даследчых работ і наконт таго, у які момант жыцця адлюстраваны вобраз вялікага прарока. Лічыцца, што Мікеланджэла ўвасобіў Майсея, калі той сышоў з гары Сінай пасля размовы з Богам. Прарок вынес народу скрыжалі з запаведзямі і ўбачыў, што людзі, пакуль яго чакалі, паспелі вярнуцца да язычніцтва. 

Зразумела, прыемнага ў гэтым было мала. Таму якія эмоцыі на твары Майсея? Ён злуецца, або гневаецца, або проста засяроджана думае? Субяседніца тлумачыць: 

– Існаванне шматлікіх поглядаў на гэты конт звязана з адной цікавай асаблівасцю скульптуры вялікага мастака. Калі глядзець на яе з розных бакоў ці абыйсці кругам, можна заўважыць, як змяняецца настрой Майсея, як узрастае гэтая яго суровасць. Работа Мікеланджэла – адна з самых загадкавых скульптур у свеце. Ёю вельмі захапляўся Зігмунд Фрэйд, які доўга глядзеў на скульптуру. Аўстрыйскі псіхааналітык апісаў, што, на яго думку, на твары Майсея аўтар адлюстраваў менавіта стрымліванне гневу. 

У копіі, якая захоўваецца ў Гомелі, таксама можна заўважыць суровасць Майсея, якая змяняецца ў залежнаці ад вугла, пад якім мы глядзім на скульптуру. 

А што з прычоскай? 

Усё цікава ў гэтай гісторыі са статуяй. Але ж вішанькай на торце, бясспрэчна, можна назваць вельмі дзіўную асаблівасць у вобразе біблейскага прарока. Калі будзеце наведваць палац Румянцавых і Паскевічаў, прыгледзьцеся да скульптуры. Самыя ўважлівыя ўбачаць незвычайныя дэталі на галаве Майсея – дзіўны выступ, а побач невялічкую ямку. На гэты конт можна было б задаваць пытанне знатакам, і не менш, чым на мільён. Падказка: прычоска прарока да справы не адносіцца... Дык вось уявіце: выступ і ямка – гэта рэшткі рагоў, якія раней упрыгожвалі галаву скульптуры! Не магу стрымаць пытанне: «Адкуль з’явілася такая, мякка кажучы, неадназначная дэталь у значнай для вернікаў асобы?»


– Так, рогі на самой справе былі, але, на жаль, былі страчаныя, хутчэй за ўсё падчас эвакуацыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, – распавядае Таццяна. – Каб больш зразумець, як яны выглядалі, можна звярнуцца да выявы арыгінала – рогі ў прарока шыкоўныя! 


Па словах Таццяны, цікавая дэталь з’явілася з-за цяжкасцяў перакладу з іўрыта радкоў кнігі «Зыход». Калі Майсей сышоў з гары Сінай, ад яго твару зыходзілі яскравыя промні, ён літаральна свяціўся. Памылка ж пераўтварыла слова «промні» ў «рогі». Іх і выразаў з мармуру вялікі геній, зрабіўшы, па сутнасці, візітнай карткай свайго твора. 

– Безумоўна, створаная ў XIX стагоддзі копія знакамітай скульптуры не такая маштабная па памеры, аднак яе мастацкае ўвасабленне таксама цудоўнае! – падкрэслівае субяседніца. – Гомельскі «Майсей» такім жа чынам выразаны з мармуру, паўтарае позу і дынаміку арыгінала.


  • Вялікі кабінет палаца Паскевічаў. На заднім плане – скульптура з выявай Мікалая І працы Х.-Д. Рауха. Фота пачатку ХХ стагоддзя ДНДМА імя Шчусева. 

Дзе знайсці Майсея? 

Па словах Таццяны Зыгмантовіч, у часы, калі ў гомельскім палацы жылі яго гаспадары, статуя «Майсей» займала бачнае месца ў інтэр’еры. На старых фотаздымках палаца яе можна заўважыць пасярод стала ў вялікім княжацкім кабінеце, пазней – у белай зале. Пасля ўсталявання савецкай улады, ў 1930-я гады, мармуровую статую перанеслі ў антырэлігійны музей, які стварылі ў памяшканні сабора святых Пятра і Паўла. Зараз жа скульптура ўпрыгожвае Фельдмаршальскую залу ў вежы палаца Румянцавых і Паскевічаў. 

Дарэчы, акрамя статуі «Майсей», да рэвалюцыі ў гомельскім палацы былі размешчаны некалькі дзясяткаў арыгіналаў і даволі дакладных копій работ знакамітых аўтараў. 

– Напрыклад, скульптура «Меркурый» работы Джузэпэ дэль Нэра (захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь) і копія знакамітай скульптуры «Тры грацыі» Антоніа Кановы (не захавалася) аздаблялі паўднёвую галерэю, – гаворыць Таццяна. – Вялікі княжацкі кабінет у вежы палаца ўпрыгожвала статуя Мікалая І у вобразе рымскага імператара, выкананая Хрысціянам Даніэлем Раухам. На жаль, яна, як і многія са скульптур, не захавалася.

Вядома, што Фёдар Паскевіч нават меў каталог свайго мастацкага збору, дзе былі перелічаны лепшыя прадметы мастацтва. Скульптура «Майсей» – адзін з лепшых прыкладаў са збору князя, які можна ўбачыць, наведаўшы музей.


Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N