«Гомель будзе ганарыцца Васілём Ткачовым»: сябры ўспамінаюць выдатнага пісьменніка і драматурга | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Дмитрий Чернявский Дмитрий Чернявский Автор текста
10:30 21 Февраля 2022 Культура 4928

«Гомель будзе ганарыцца Васілём Ткачовым»: сябры ўспамінаюць выдатнага пісьменніка і драматурга

На 75 годзе жыцця перастала біцца сэрца аўтара шматлікіх п'ес, кніг прозы (у тым ліку для дзяцей), журналіста, публіцыста, перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Васіля Ткачова.



Больш за 20 гадоў таму на творчай вечарыне ў Мінску патрыярх беларускай літаратуры, народны пісьменнік Іван Шамякін сказаў, што ў хуткім часе Гомель будзе ганарыцца, што там жыве цікавы, самабытны пісьменнік і драматург Васіль Ткачоў. І яго словы цалкам спраўдзіліся.  

– Да пісьменніцкага білета я ішоў доўга, – казаў пра сябе Васіль Юр’евіч. – Былі кнігі, пастаноўкі ў тэатрах. Памыляўся, сумняваўся, спадзяваўся. Нават блізкія часам не разумелі неадольнай цягі да творчасці. Сёння я шчаслівы. Раблю тое, ад чаго добра на сэрцы і ў мяне, і ў маіх чытачоў. Зараз хочацца стварыць такую п’есу, напісаць такі твор прозы, каб яны сталі нейкім сімвалам часу, – марыў драматург. – А калі азірнуся назад, то і зроблена нямала: выдаў 25 кніг, напісаў дзесьці 70 п’ес для дарослых і дзяцей. 

На самой справе ў Васіля Ткачова ёсць кнігі і п'есы, якія сталі сімвалам свайго часу. І прытым не адна. З яго творчасцю былі знаёмы нават у Японіі. Так, спектакль «Лялькі» заваяваў дыплом I ступені на міжнародным конкурсе музыкі і мастацтва ў горадзе Осака. А яшчэ Васіль Ткачоў меў шмат сяброў, для якіх уход з жыцця літаратара стаў досыць трагічнай навіной.

– Маё сэрца і розум не могуць змірыцца з тым, што смерць вырвала Васіля з нашай шэрагі пісьменнікаў, – кажа член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун. 


– 1 студзеня павіншаваў яго з днём нараджэння і с жартам сказаў: «Ты у літаратуры дарос да палкоўніка, цягні, Васіль, да генерала». Шчыра кажучы, гэтае званне ад мяне ён атрымаў даўно, а мяркуючы па водгуках чытачоў, быў сапраўды народным пісьменнікам. Усе героі яго твораў былі з жыцця. Ён умеў слухаць і чуць людзей, і яны адказвалі яму ўзаемнасцю. Васіль заўважаў маладыя таленты і запрашаў іх на сваю тэлеперадачу «На прызбе з Васілём». Усмешка не схадзіла з яго твара, калі мы на пару выступалі ў школах і бібліятэках. Я нават жартаваў, што Васіль прапісаўся ў бібліятэцы імя А. І. Герцэна. Яго пяру былі падуладныя ўсе літаратурныя жанры. Калі ж ў мяне дрэнны настрой, я бяру яго маленькую кніжку гумарэсак «Карасі на пяску». А калі жадаю паразважаць, чытаю манументальны раман Ткачова «Дом-камуна».


– У нашым дзеючым рэпертуары шэсць спектакляў па яго п'есах, – адзначае дырэктар тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік. 


– Васіль Юр'евіч напісаў шмат цудоўных п'ес і для тэатра драмы. Сярод іх – «Белы ліст» пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Пастаноўка настолькі кранальная… Я бачыў, з якім пачуццём яе ўспрымалі магілёўскія гледачы. Хочацца, каб і гамяльчане яе ўбачылі. Памятаю, як мы вярталіся акрылёныя з Казахстана, дзе спектакль паводле п'есы Ткачова «Не ўсе зайцы – трусы» атрымаў Гран-пры міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Актобе. Характэрна, што журы было дзіцячым. Пасля 20 гадоў нашага супрацоўніцтва складана паверыць, што Васіля больш няма з намі. На ім не было налёту знакамітасці, сябелюбства. Гэта быў дабрадушны, вясёлы чалавек. А беларускай мовай ён валодаў настолькі добра, што ўлюбляў у яе замежных гледачоў, якія ўпершыню бачылі яго спектаклі.

Прыемна, што Васіль Ткачоў як пазаштатны аўтар на працягу многіх гадоў пісаў і для нашай газеты. А ў адным са сваіх інтэрв'ю на пытанне аб жыццёвым дэвізе Васіль Юр'евіч з уласцівым яму аптымізмам сказаў: 

– Пахвалі пражыты дзень. Так я некалі назваў сваю кнігу публіцыстыкі. Так і жыву… Так і жыў…

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N