Гомельская зямля багатая на літаратурныя таленты | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Апанас Паўлаў Апанас Паўлаў Автор текста
14:52 03 Сентября 2022 Культура

Гомельская зямля багатая на літаратурныя таленты

Гомельская зямля багатая на літаратурныя таленты. Яны тут не толькі нараджаюцца і твараць у славу роднага краю, як Іван Мележ, але прыязджаюць па натхненню, так рабіў Уладзімір Караткевіч. Ёсць кім пахваліцца Гомельшчыне. Успомнім яркіх класікаў Палесся.



ван Мележ – пясняр палескага жыцця – нарадзіўся ў вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна. Сваю малую радзіму ён часта потым успамінаў у мастацкіх і публіцыстычных творах. Самым значным творам, у якім талент Мележа раскрыўся з асаблівай сілай, стала трылогія «Палеская хроніка». Гэта апавяданне аб блізкім і дарагім пісьменніку родным краі. Цыкл складаецца з трох раманаў: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань» (не скончаны).

Адзін з найбольш вядомых беларускіх драматургаў Андрэй Макаёнак з'явіўся на свет у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Яго сацыяльныя камедыі і трагікамедыі заўсёды выклікалі павышаную цікавасць тэатральных калектываў і гледачоў. У сваіх п'есах ён абапіраўся на багацце беларускага фальклору і па-наватарску развіваў традыцыі драматургіі, праўдзіва, ярка адлюстроўваючы жыццё народа.

Міхась Лынькоў нарадзіўся на Віцебшчыне ў сям'і чыгуначніка, але потым яны пераехалі і аселі недалёка ад вёскі Старое Сяло пад Рагачовам. Менавіта тут потым адбываліся прыгоды яго галоўнага літаратурнага персанажа Міколкі-паравоза. Гэтыя пацешныя гісторыі прыгод беларускага Тома Соера прыйшлі з няпростага, але, відаць, вясёлага, дзяцінства Лынькова.

З Рагачоўскай зямлёй звязаны лёс і іншага класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Гэты край стаў яго творчай радзімай. Сюды ён прыязджаў з ранняга дзяцінства – спачатку да свайго дзеда, потым у яго дом. Ужо ў сталым узросце пісьменнік не раз бываў у сваякоў у Рагачове. Кажуць, падоўгу заседжваўся з нататнікам на Замкавай гары. У паэме «Зямля дзядоў» Караткевіч апісаў руіны мясцовага замка каралевы Боны. Падзеі яго аповесці «Сівая легенда» адбываюцца ў асноўным на Рагачоўшчыне.

Летась споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Ён з вёскі Карма Добрушскага раёна. Нарадзіўся ў сям'і лесніка, скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Удзельнічаў у сходах літаратурнага аб'яднання пры газеце «Гомельская праўда». Па раманах і аповесцях Івана Шамякіна можна прасачыць ваенную і пасляваенную гісторыю нашай краіны. Усенародная барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў стала тэмай і першага рамана Шамякіна «Глыбокая плынь».

Творчае жыццё драматурга і празаіка Васіля Ткачова было звязана з Гомелем, хоць нарадзіўся ён не ў абласным цэнтры, а ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна. Яго творы не аднаразова ставіліся на сцэне беларускіх тэатраў, а апавяданні друкаваліся ў саюзных часопісах.

Паэт Анатоль Грачанікаў родам з вёскі Шарпілаўка Гомельскага раёна. Заквітнеў яго паэтычны талент у горадзе над Сожам. Для твораў Грачанікава характэрныя шырокі тэматычны дыяпазон, глыбіня думкі. Вершы, балады і паэмы адрозніваюцца высокай моўнай культурай, гарманічным адзінствам зместу і формы. Многія яго вершы сталі песнямі.

Ураджэнцу горада Васілевічы Рэчыцкага раёна Івану Навуменку належыць адно з ганаровых месцаў у сучаснай беларускай літаратуры. Галоўнай тэмай твораў пісьменніка з'яўляецца Вялікая Айчынная вайна, а таксама жыццё інтэлігенцыі, прырода. Удзельнік камсамольскага падполля, партызан, франтавік Іван Навуменка глыбока і праўдзіва паказаў у сваіх раманах «Хвоя пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці», як гартаваліся воля і характар герояў, іх патрыятызм і гатоўнасць да подзвігу ў імя сваёй Айчыны.

Барыс Сачанка, беларускі пісьменнік-празаік, нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Шмат гадоў працаваў у аддзеле прозы часопіса «Полымя», а з 1976-га па 1986 год быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён пісаў аб Вялікай Айчыннай вайне, вяскоўцах, сваім родным Палессі... Найбольш яркія творы аўтара: «Здаецца», «Памяць», «Тры аповесці» і «Родны кут», раман «Чужое неба», трылогія «Вялікі лес».

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N