Гурт "Стары Ольса" адсвяткаваў 20-гадовы юбілей канцэртам у Гомелі | Новости Гомеля
Гурт "Стары Ольса" адсвяткаваў 20-гадовы юбілей канцэртам у Гомелі
Ігар Сцепанцоў Ігар Сцепанцоў
16:27 24 Ноября 2019 Культура

Гурт "Стары Ольса" адсвяткаваў 20-гадовы юбілей канцэртам у Гомелі

Горад над Сожам займае асобнае месца ў гісторыі гурта “Стары Ольса”. Менавіта тут у 1999 годзе пачалася яго гісторыя. Тут жа адбыўся і першы сольнік гурта. Зараз музыкі ў асноўным жывуць на Міншчыне, але Гомель не забываюць.


Сёлета калектыў адзначыў сваё 20-годдзе. Лепшым падарункам для аматараў стаў шэраг канцэртаў па Беларусі. У Гомель музыкі завіталі напрыканцы лістападу: як кажа іх лідэр Зміцер Сасноўскі ў гэты халодны месяц 20 гадоў таму “Стары Ольса” нарадзіўся на свет. Перад канцэртам журналісты “В” завіталі ў грымёрку да музыкаў і пацікавіліся ў Зміцера, а таксама ў Марыі Шарый – флейтысткі і адначасова арт-дырэктара, чым жыве гурт, які праслаўляе радзіму далёка за межамі Беларусі.

20 гадоў – салідная лічба. Што незвычайнае рыхтуеце для аматараў?

- 20 гадоў – гэта толькі пачатак, - заўважае Зміцер. – Планаў вельмі шмат. Але гэта пакуль сакрэт. У асноўным далейшае, што мы будзем рабіць, звязана не толькі з традыцыйнай сферай – аднаўленнем старадаўніх твораў, - але і з актыўным удзелам у кінематографе і TV.


 - Зміцер, што для вас Гомель?

 - Гомель для мяне родны горад. Якраз гомельская атмасфера, Gods Tower і другі “металлёвы бамонд”, таксама фальклорныя каллектывы – гэта ўсё разам дазволіла зрабіць мне выбар, якой музыкай займацца. Гэта штосьці пасярэдзіне: не фальклор, і не цяжкі метал. Хаця у тыя часы я рэпетаваў на дудзе з Gods Tower.

- Як часта вы бываеце ў Гомелі?

- З канцэртамі прыкладна раз у год. Калі без гурта, асабіста, - тры-чатыры разы. Тут жывуць мае бацькі, таму я з сям’ёй, з дзецьмі прыязджаю да іх.

- Некалі вы запісалі неблагую аудыёкнігу на твор Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя роспачы”. Ёсць у планах працягнуць працу ў гэтым напрамку?

Зміцер Сасноўскі: - Пакуль што не. Але планаў вельмі шмат.

Марыя Шарый: - Калі мы размаўляем пра спектаклі, пра тэатральны напрамак, у нас ёсць планы. Гэта батлейка. Палова працы ўжо зроблена. Мы плануем скончыць да вясновых канікулаў і рабіць спектаклі ў Мінску. Такая незвычайная батлейка на твор “Трыстан і Ізольда”.

 - Як ваш чарговы тур па ЗША?

М.Ш: - Гэта ўжо пяты наш тур па Злучаных Штатах. Ён прайшоў даволі добра, развіццё ёсць. Было больш якасна арганізаваных “элітных” канцэртаў ва ўніверсітэтах, каледжах, больш аншлагаў, менш клубных выступаў.

З.С: - Гэта быў самы велізарны і, здаецца, самы цяжкі тур, - дадае Зміцер. – 73 дні, 113 выступаў і 14 тысяч міль. Таму гэта было зусім нялёгка. Але дзякуючы таму, што калектыў з’яўляецца сям’ёй, досыць згуртаваным, мы гэта вытрымалі.

- Што патрэбна, каб паспяхова выступаць 20 гадоў?

М.Ш: - Я думаю, што не трэба планаваць сваю дзейнасць на 20-30 гадоў. Проста рабіць тое, што падабаецца. Калі ёсць ідэя і намаганні, гэта захапляе людзей і прыносіць нейкі прыбытак. На пачатку трэба ідэя і захапленне тым, што ты робіш.

З.С: - Я магу сказаць тое ж самае. Чалавек без захаплення стварыць нешта вартае ў мастацтве не можа. Мастацтва – гэта не канвеер, гэта выкладанне сваіх пачуццяў у тым, ці ў іншым выглядзе. І калі ты нечым захоплены, ты зможаш гэта выкласці. Пакуль вочы гараць, ты зможаш нешта зрабіць. 

***

Адпускаем артыстаў рыхтавацца да выхаду на сцэну. Трэба сказаць, хвілін за пятнадцаць да пачатку канцэрту, зала Гарадскога цэнтра культуры была запоўненая амаль пад завязку. На малой радзіме да гурта адносіны асаблівыя. І вось музыкі выйшлі, пачалі граць “Літвіна”. І панеслася… 




Як і анансавалі “ольсаўцы”, на канцэрце зыгралі амаль усё лепшае, што нарадзілася за 20 гадоў плённай працы. На ЎСЁ лепшае не хапіла бы і дня.




І ужо традыцыйна ў горадзе над Сожам пасля канцэрту – авацыі, выхад на біс і шалёная энэргетыка ад публікі!




Пасля выступу музыканты сустрэліся з аматарамі сваёй творчасці: адказвалі на шматлікія пытанні, раздавалі аўтографы, рабілі фотаздымкі.

У найбліжэйшых планах гурта – удзел у традыцыйным Калядным фэсце, які адбудзецца 25 снежня. Ужо ў наступным годзе ёсць планы пагастраляваць па Еўропе. Ідуць дамовы аб вясновым туры па Польшчы. 


Автор фото: Ігар Сцепанцоў

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях