Спектакль па п’есе гомельскага драматурга пастаўлены ў Слоніме | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Сяргей Чыгрын Сяргей Чыгрын Автор текста
12:00 09 Июля 2020 Культура

Спектакль па п’есе гомельскага драматурга пастаўлены ў Слоніме

У Слонімскім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля «Белы ліст» па п’есе вядомага беларускага пісьменніка і драматурга, гамяльчаніна Васіля Ткачова. Ажыццявіў пастаноўку галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец. У спектаклі занята ўся трупа тэатра. 

Спектакль у Слоніме з’яўляецца сенсацыяй сезона. Як і сама ўнікальная п’еса, так і спектакль ужо зацікавілі гледачоў. А сюжэт у творы незвычайны. 

У адным невялікім раённым гарадку застаўся апошні франтавік Другой сусветнай вайны. Пра гэта зусім выпадкова даведалася кіраўніцтва райцэнтра. І каб неяк аддзячыць яму, мясцовыя ўлады даюць апошняму франтавіку чысты ліст паперы: прасі, паважаны, усё, што хочаш. Дадзім. Ты заслужыў… І што ж папрасіў франтавік? Пра гэта, а таксама пра адносіны дзяцей і бацькоў, пра павагу моладзі да старэйшага пакалення і ідзе гаворка ў новым спектаклі, які распачынае паказы ў Слоніме і ў іншых гарадах Беларусі. 

Драматург Васіль Ткачоў шчыра павіншаваў калектыў слонімскага тэатра з прэм’ерай і падзякаваў, што сланімчане цікава і своечасова ажыццявілі гэту пастаноўку. Тым больш, што сёлета спаўняецца 75 гадоў Вялікай Перамогі.

– Васіль Юр’евіч, спектакль вельмі цёпла быў прыняты сланімчанамі. А як у вас нарадзілася ідэя напісаць такі твор?

– Неяк жа во нарадзілася. Мяне не толькі вы пытаецеся пра гэта. Нават некаторыя калегі-пісьменнікі цікавілся: як, маўляў, дадумаўся? Прыйшло ж, нахлынула – паспрабуй тут рас­тлумач. Я і хацеў, калі працаваў над п’есай, адказаць на пытанне: што ж папрасіў апошні ўдзель­нік вайны? Вось усе адказы менавіта ў маёй п’есе і ў пастаноўцы слонімскіх артыстаў. Бо найперш акцёры пастараліся данесці мае думкі-развагі да людзей. Асабліва апошні ветэран вайны Іван Мітрафанавіч Асокін, ролю якога выдатна выканаў майстар сцэны тэатра Уладзімір Навумік. Ды і ўсе артысты са Слоніма пастараліся на славу. Спадзяюся, нам гэта ўсім разам і ўдалося ажыццявіць.

– Безумоўна ўдалося. Бо і сапраўды, заўтра не толькі ў адным асобна ўзятым райцэнтры, але і ў вобласці… паслязаўтра апошні франтавік застанецца і ў краіне. Гэта непазбежна. А мы жывём і не думаем пра гэта. Думаем пра ежу, пра новы дом… пра трактары і камбайны…

– Вось-вось. Так якраз і гаворыць адзін з маіх герояў. І хоць «Белы ліст» прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі, ён закранае тыя струны чалавечай душы, якія хвалююць нас сёння, будуць хваляваць і заўтра. Ды кожны дзень! Гэта адносіны старэйшага і малодшага пакаленняў людзей, іншы раз няпростыя, складаныя стасункі паміж імі. 

Калі ў зале ішоў спектакль, стаяла такая напружаная цішыня, што проста дзіву даешся. Дыхнуць страшна. Ніхто не паварушыўся. А ў канцы – такія шчырыя і працяглыя апладысменты, што проста дух захоплівала. Значыць, тое, што мы робім на сцэне, людзей хвалюе і сёння. 

– Я ўважліва і даўно сачу за вашай творчасцю. І ўсё ж, якім драматургам сябе лічыце – вясковым ці гарадскім?

– Вядома ж, вясковым. А якім жа яшчэ! Сэрца, душа мая заўсёды там, дзе жывуць і мае героі-землякі. У вёсцы. У мяне іх дзве вёскі, з якімі моцна знітаваны мой лёс. Вёска Гута на Рагачоўшчыне, дзе нарадзіўся, і вёска Іскань на Быхаўшчыне, дзе прайшло дзяцінства і малентства. І калі я пішу, то абавязкова хаджу па родных мне сцежках. Там толькі зямля маіх герояў! Каб не было яе ў мяне, магчыма б я ніколі не напісаў камедыі «Без Ягора будзе гора», «Тату аж у Ляпёшкіне», «Жаночы вулей», «Слуп» і многія іншыя, якія ставяць сёння не толькі прафесійныя тэатры, але і многія народныя. У тым ліку і ў роднай Беларусі, і па-за яе межамі!

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N