Выстава фотаздымкаў таленавітага ўраджэнца Гомельшчыны адкрылася ў Мінску | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Апанас ПАЎЛАЎ Апанас ПАЎЛАЎ Автор текста
11:24 23 Сентября 2022 Культура

Выстава фотаздымкаў таленавітага ўраджэнца Гомельшчыны адкрылася ў Мінску

Экспазіцыя фатографа-нафтавіка Аляксандра Ключнікава «Подых Поўначы» вытаўлена ў дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

На выставе прадстаўлены як вядомыя працы аўтара, так і тыя, што раней не дэманстраваліся. На іх – неверагоднай прыгажосці прырода Поўначы: рэкі, лясы, азёры, горы. А яшчэ – беларускія нафтавікі. Асабліва ўнікальныя чорна-белыя здымкі, надрукаваныя самім аўтарам. 


Аляксандр Ключнікаў – ураджэнец Рэчыцы, музыкант, даследчык Поўначы, таленавіты фотамастак, які частку свайго жыцця аддаў працы ў «Беларуснафце». Доўгі час жыў з сям'ёй на Камчатцы. Менавіта там, у 80-я гады ён стаў сапраўдным прафесіяналам у сферы фотамастацтва. У камандзіроўках па Каракскай аўтаномнай акрузе наведваў вёскі, аленегадоўчыя брыгады. Заняткі і абрады абарыгенаў сталі галоўнай тэмай яго творчасці. Працы Ключнікава публікаваліся ў «Камчацкай праўдзе», «Каракскім камунісце». А яго дакументальныя фільмы пра традыцыі паўночнікаў набываў этнаграфічны музей у Ленінградзе.



Праз 14 гадоў Аляксандр Ключнікаў з сям'ёй вярнуўся ў Рэчыцу. Працаваў на заводзе «Рытм», затым – дэфектаскапістам ў Рэчыцкім упраўленні разведачнага бурэння. 

У 80-90-я гады выдатныя працы гэтага фотамастака, пазаштатнага аўтара газеты «Нафтавік», публікаваліся ў розных выданнях краіны. Сярод іх – газеты «Праўда», «Звязда», «Знамя юнасці». Яго каларытныя, запамінальныя фотаілюстрацыі ўвайшлі ў кнігу «Нафтавая жамчужына Беларусі», якая выйшла ў 1991 г. А здымкі, зробленыя на Вынгапураўскім і Навагоднім радовішчах, сталі сапраўдным фоталетапісам нафтаздабычы ў Заходняй Сібіры. Свае працы аўтар дэманстраваў на шматлікіх выставах у гарадах СССР і за мяжой. Цяперашняя фотавыстава – гэта свайго роду вяртанне нашага земляка Аляксандра Ключнікава на радзіму, адкрыццё творчасці гэтага таленавітага майстра для шырокай публікі. 

Арганізатары выставы: РУП «Вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта» і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.


Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N