Зберагаючы спадчыну, глядзяць у будучыню: Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці адзначыў 85-годдзе
У Гомелі аматары фальклору сабраліся на свята “З крыніц жыватворных”, прысвечанае 85-годдзю абласнога цэнтра народнай творчасці. У зале цэнтра інклюзіўнай культуры сабраліся тыя, хто дбайна зберагае традыцыі продкаў для наступных пакаленняў, тыя, для каго народная творчасць стала сэнсам жыцця.
Павіншаваць супрацоўнікаў і ўсіх майстроў народнай творчасці прыехалі ганаровыя госці – кіраўнікі і творчыя калектывы з Беларусі, а таксама суседняй Расіі – Ненецкай аўтаномнай акругі, Смаленска і Курска – з некаторымі падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве. На ўрачыстым канцэрце выступілі аматарскія калектывы вобласці, а таксама расійскія госці.
З юбілеем супрацоўнікаў і ветэранаў цэнтра павіншавала кіраўнік галоўнага ўпраўлення культуры аблвыканкама Інга Заўгародняя, для якой гэта асаблівая дата, бо сваю працоўную дзейнасць яна пачала ў абласным цэнтры народнай творчасці. Яна зачытала прывітальны адрас ад старшыні аблвыканкама Івана Крупко.
Са словамі віншаванняў звярнулася старшыня Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Алена Алексіна, якая зачытала прывітальны адрас ад старшыні гарвыканкама Уладзіміра Прывалава.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гаўрыловіч таксама знайшоў шмат слоў падзякі за захаванне народных традыцый і рамёстваў.
– Самы цікавы момант свята – дэфіле ў касцюмах і падвядзенне вынікаў творчага конкурсу. Кожны раён падрыхтаваў убранне, заснаванае на брэндах і асаблівасцях сваёй тэрыторыі, – адзначыла дырэктар цэнтра Наталля Сафрановіч.
Майстар народных промыслаў, выпускніца Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа Ганна прадставіла Чачэршчыну:
– Пры стварэнні касцюма было важным адлюставаць прыгажосць нашага горада і раёна. Мы ганарымся тым, што ў нас ёсць нямала славутасцяў, асабліва культурных і духоўных, напрыклад, Спаса-Прэабражэнская царква. Наш край наведвалі многія знакамітыя людзі, якія адзначалі духоўнае багацце беларусаў, іх гасціннасць і шчырасць. Таму ў касцюме і прысутнічаюць саламяныя птушкі, якія адлюстроўваюць гэтыя рысы ў характары мясцовых жыхароў.
– У 2023 годзе наш цэнтр рэалізаваў інтэрактыўны праект “Спеўная спадчына Гомельшчыны” пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры, – расказала пра дасягненні калектыву Наталля Сафрановіч. – А крыху раней наша ўстанова была занесена на абласную Ганаровую дошку. Супрацоўнікі цэнтра – таленавітыя людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё захаванню ўнікальнай культуры ўсходняй Беларусі.
Для прадстаўнікоў Ненецкай акругі наведванне Гомельшчыны стала своеасаблівым святам народнай культуры і абмену вопытам. Для дырэктара этна-культурнага цэнтра аўтаномнай акругі Алены Вергуновай Гомельшчына мае асаблівае значэнне, бо Добрушскі раён – малая радзіма яе бацькі:
– Асабіста я неаднойчы наведвала Беларусь, а вось для маіх калег – дуэта “Хэтко” (“Рэха”) ў складзе Святланы Вакуевай і Сяргея Тайбарэя гэта першая паездка да братоў беларусаў.
Алена Іванаўна адзначыла, што ёй і яе папутчыкам было вельмі цікава паглядзець і паслхаць выступленні беларусаў, якія змаглі захаваць і перадаць менавіта народную культуру:
– Добра, што вы з такой павагай адносіцеся да спадчыны продкаў, як імкнецеся далучыць да яе падрастаючае пакаленне. Спадзяемся, што некаторыя з вашых творчых калектываў змогуць прыехаць да нас, і цікавыя аўтэнтычныя беларускія народныя спевы прагучаць і ў Ненецкай акрузе.
Удзельнікам свята таксама прадэманстравалі невялікі фільм, у якім расказалі пра гісторыю і дасягненні супрацоўнікаў цэнтра народнай творчасці.
Автор фото: Ирина Громыко