Гамяльчанін складае беларуска-рускі эканамічны слоўнік з 140 тыс.тэрмінаў | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Таццяна Сычкова Таццяна Сычкова Автор текста
15:10 21 Февраля 2014 Информация от партнеров

Гамяльчанін складае беларуска-рускі эканамічны слоўнік з 140 тыс.тэрмінаў

Шэраг лекцый, якія чыталі ва ўніверсітэце па-руску, Канстанцін Усовіч яшчэ студэнтам адразу канспектаваў на беларускай мове. Калі ж якое-небудзь слова не ўдавалася хутка перакласці, ён падкрэсліваў яго, а потым ужо ў інтэрнаце пры дапамозе руска-беларускага слоўніка перакладаў і яго. Такім адданасці і любові да роднай мовы можна толькі пазайздросціць, тым больш, што яны прыносяць сапраўдную карысць беларускаму грамадству.

 

 

У час інфармацыйных тэхналогій і паскоранага рытму жыцця здаецца неверагоднай справа, якая працягваецца амаль дваццаць год. Менавіта столькі загадчык музея-лабараторыі iмя Ф. Скарыны Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Канстанцін Усовіч складае вялікі практычны беларуска-рускі агульнаэканамічны слоўнік. 140 тысяч тэрмінаў, сабраныя ў два тамы прыблізнай колькасцю ў 3,5 тысячы старонак кожны. Зараз рыхтуецца да выдання першы том на літары А-М.
«Акрамя адпаведнай падрыхтоўкі, захаплення сваёй працай і вялікага цярпення абавязкова павінны быць упэўненасць у запатрабаванасці і нястрымнае жаданне пражыць недарэмна, пакінуць пасля сябе нейкую важную справу, – прызнаецца Канстанцін Сяргеевіч. – Шчыра кажучы, я перакананы ў тым, што гэты слоўнік з’явіцца базай для пераходу беларускага дзяржаўнага апарату на родную мову. Калі праца будзе гатова, я пазнаёмлю з ёю Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Адміністрацыю Прэзідэнта».

 


З якімі цяжкасцямі сустрэўся даследчык у час перакладу? Ніколі не здагадаецеся. Лагічна было б меркаваць аб недахопе спецыялізаванай літаратуры, аднак насамрэч усё было значна прасцей: адсутнічала тэхніка. Канстанцін Усовіч расказвае, што раней у яго не было ні камп’ютара, ні, тым больш, сканера. Усё даводзілася рабіць уручную, што займала вельмі шмат часу. Тым не менш, вынік сапраўды выдатны.

 


Канстанціну Усовічу давялося працаваць у розных месцах, але ён ніколі не здраджваў матчынай мове. Пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта малады чалавек быў накіраваны на кафедру беларускай мовы ГДУ. Потым працаваў стыль-рэдактарам, карэспандэнтам і карэктарам у газеце «Гомельская праўда».

 


Давялося паспрабаваць сябе і ў вытворчым аб’яднанні «Белэмальпосуд», дзе ён быў спачатку інжынерам-сацыёлагам, а потым эканамістам па арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва. Аднак нават там не развітваўся з беларускай мовай: афармляў дакументацыю, друкаваў артыкулы пра перадавікоў вытворчасці.

 


У бытавым жыцці Канстанцін Усовіч таксама размаўляе па-беларуску. «Ніколі не адчуваў так званага моўнага бар’еру. Я аднолькава ведаю і беларускую, і рускую мовы, таму пры неабходнасці аўтаматычна пераходжу з адной на другую», – адзначае даследчык.

 

 


«Аднойчы, – узгадвае Канстанцін Сяргеевіч, – за любоў да роднага слова прыйшлося нават паплаціцца. Выкладчыцы па стараславянскай мове не падабалася, што я размаўляю па-беларуску. Нягледзячы на тое, што я адказаў на ўсе пытанні, у тым ліку і дадатковыя, за экзамен яна паставіла мне тройку, адзіную ў дадатку да дыплома».

 


Увогуле, у гэтага чалавека з беларускай мовай звязана шмат чаго цікавага. Менавіта яна і прывяла Канстанціна Усовіча на пасаду загадчыка музея-лабараторыі імя Ф. Скарыны, пасаду, якую ён займае ажно з 9 сакавіка 1990 года.

 


Аб лёсе любімай мовы Канстанцін Сяргеевіч кажа наступнае: «Пакуль будзе існаваць капіталізм, датуль будуць існаваць і нацыянальныя дзяржавы, а разам з імі нацыянальныя мовы. Думаю, пераход дзяржаўнага апарату нашай рэспублікі на беларускую мову абавязкова адбудзецца ў не такой ужо і далёкай перспектыве».

 


А вось беларускаму мовазнаўству, па меркаванні Канстанціна Усовіча, трэба займацца больш глабальнымі праблемамі, напрыклад, удасканаленнем беларускай мовы як інструмента мыслення, пазнання і зносін. «Неабходна надаваць увагу павышэнню эканомнасці мовы, а некаторыя цяперашнія мовазнаўцы, наадварот, – загрувашчваюць яе і робяць больш матэрыялаёмістай».

 


Сам даследчык зараз працуе над манаграфіяй, у якой будуць прапанаваны шляхі і спосабы ўдасканалення беларускай літаратурнай мовы, у тым ліку і павышэння яе эканомнасці. На карысць беларускай мове паслужыць таксама складаемая ім хрэстаматыя паэзіі пра беларускую мову. Апошняя кніга ўжо зараз налічвае 800 старонак.

 

 

 

Автор фото: Ганна Пашчанка

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N