Дзень роднай мовы прайшоў у ГДТУ імя П. В. Сухога | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вікторыя Шчыракова Вікторыя Шчыракова Автор текста
16:20 24 Февраля 2015 Молодежь

Дзень роднай мовы прайшоў у ГДТУ імя П. В. Сухога

Мова – гэта тое, што аб’ядноўвае кожны народ. Менавіта таму да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы студэнты і супрацоўнікі ГДТУ імя П. В. Сухога падыйшлі з асаблівай дбайнасцю і шчырасцю. «Пачувайся беларусам» – пад такім слоганам ва ўніверсітэце адбыліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага свята.
 
 
На вялікім перапынку ў мармуровай зале разгарнулася тэматычная кніжная выстава з цікавымі экспанатамі, сярод якіх можна было заўважыць і даволі старажытныя гістарычныя рэчы, такія як, напрыклад, копія ІІІ Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. На выставе была прадэманстравана падборка твораў знакамітых беларускіх літаратараў, а таксама супрацоўнікаў ГДТУ імя П. В. Сухога, якія пішуць вершы на беларускай мове. Канцэртная і конкурсная праграмы былі таксама вытрыманы на беларускі лад. У якасці вядучага ў тэматычным адзенні выступіў загадчык кафедры «Прамысловая электроніка» Юрый Крышнёў. Трэба адзначыць, што ён заўсёды выкладае студэнтам на беларускай мове, карыстаецца ёю ў жыцці і прафесійнай дзейнасці.
 
 
 
 
У якасці гасцей у святочных мерапрыемствах удзельнічалі вядомыя ў Гомелі беларускія літаратары – старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік Уладзімір Гаўрыловіч і былы галоўны інжынер, выкладчык ГДТУ, член Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Яўген Калашнікаў.
 
 
– Лічу, што беларус павінен заўсёды быць беларусам, асабліва ведаць мову, культуру. Трэба быць сучасным, карыстацца тым, што тваё. Наша мова вельмі магутная, багатая, яна натуральная, як матэрыяльна, так і духоўна! І вельмі добра, што ідзе такая хваля, і моладзь цікавіцца ёю. Калі ёсць цяга, мы, пісьменнікі, толькі рады гэтаму, – падзяліўся ўражаннямі ад мерапрыемства Уладзімір Гаўрыловіч.
 
 
 
 
У гэты дзень кожны мог праверыць свае веды беларускай мовы. Для гэтага трэба было адказаць на пытанні вядучага і перакласці тэхнічныя тэрміны. Не засталася без увагі акцыя «Апраніся па-беларуску» і «жывы» пазл з адлюстраваннем унікальнай літары беларускага алфавіту – «ў», які склаўся з прадстаўнікоў універсітэта. 
 
 
 
 
 
Далей адбылiся сапраўдная «бітва» студэнтаў у віктарыне па беларусазнаўству і традыцыйны навукова-папулярны конкурс «Палітэхнічная крыжаванка».
 
 
На думку арганізатараў, покліч «Пачувайся беларусам» з’яўляецца асабліва актуальным у Год моладзі. Мяркуецца, што ён і надалей будзе спадарожнічаць падобным культурным і патрыятычным мерапрыемствам.
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Автор фото: К. Зуевіч, А. Зянькоў

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях