21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтая дата святкавання абраная невыпадкава, яна служыць памяццю аб расстраляных пакістанскай паліцыяй студэнтах горада Дака (сёння – сталіца Бангладэш), якія 21 лютага 1952 года выйшлі на дэманстрацыю з патрабаваннем прызнаць дзяржаўнай іх родную бенгальскую мову.
А аб’яўлены Міжнародны дзень роднай мовы 17 лістапада 1999 года на Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА і ўпершыню святкаваўся ў 2000 годзе. Яго ўстанаўленне абавязана вывучэнню моўнай праблематыкі ў свеце як адной з асноўных у дзейнасці ЮНЭСКА, а галоўнае, з прычыны імклівасці знікнення моў, якіх у свеце, па розных звестках, налічваецца ад 5 да 7 тысяч.
Міжнародны дзень роднай мовы – гэта яшчэ адна нагода, каб кожнаму беларусу задумацца аб лёсе нашай мовы, аб той бясцэннай спадчыне, што засталася нам ад прадзедаў, аб тым багацці, якім мы, беларусы, павінны валодаць ужо толькі таму, што нарадзіліся і жывём на Беларусі – краіне для жыцця.
Валоданне беларускай мовай – гэта спазнанне і асэнсаванне сябе як часцінкі нацыянальнай самабытнасці свайго народа, яго светабачання, светаўспрымання, таго культурнага і практычнага вопыту, тых правілаў і ўстановак, якія адрозніваюць беларусаў ад іншых народаў. Уладзімір Караткевіч пісаў: «Тыповага беларуса я досыць лёгка адрозню сярод іншых, хаця б ён яшчэ не сказаў ніводнага слова, калі скажа, тады ўжо, нават калі ён гаворыць на іншай мове і без акцэнта, яго лёгка пазнаць па асаблівай будове сказа, па тым, што, колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга, нават з лішнімі словамі, каб мелодыя сказа была завершана».
А яшчэ родная мова – гэта сродак не толькі засваення культуры народа, але і сродак далучэння, яднання кожнага са сваім народам праз засваенне і ўспрыманне каштоўнасных арыенціраў, культурных кодаў, бо менавіта мовай мацуецца повязь пакаленняў.
Нездарма акцэнты сучаснай лінгвістыкі ва ўсім свеце змясціліся ў бок разумення кожнай мовы не толькі як сродку камунікацыі, але і як сродку распазнавання культурнага кода кожнага народа, у бок вывучэння і разгляду моўных з’яў у аспекце трыяды «мова – чалавек – культура», у бок усведамлення самакаштоўнасці кожнай нацыянальнай мовы як адлюстравання непаўторнага складу мыслення, як правадніка нацыянальнага менталітэту, як захавальніка культуры пэўнага народа.
Менавіта гэта стала асноўнай тэматыкай даследаванняў выкладчыкаў і адным з асноўных аспектаў у навучанні студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Вось толькі асобныя тэмы навукова-даследчай работы выкладчыкаў факультэта: «Традыцыі духоўнай культуры беларусаў: фальклорна-этнагарафічныя і этналінгвістычныя аспекты» (прафесар Валянціна Новак), «Фразеалагічная катэгарызацыя і канцэптуалізацыя свету беларусамі» (прафесар Вольга Ляшчынская), «Традыцыйныя і сучасныя практыкі сацыяльнай рэгламентацыі паводзін моладзі ў сферы любоўна-шлюбных адносін на тэрыторыі Усходняга Палесся: этнакультурны і лінгвагендарны аспект» (прафесар Уладзімір Коваль), «Этнаграфічныя і лінгвакультуралагічныя асаблі-васці абрадавага фальклору Бранска-Гомельскага памежжа» (прафесар Аляксандра Станкевіч), «Гістарыясофская і этыка-антрапалагічная праблематыка беларускай літаратуры ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў» (прафесар Іван Штэйнер), «Фразеалагізмы як знакі мовы і культуры беларусаў» (прафесар Вольга Ляшчынская) і іншыя Толькі за 2011–2015 гады на факультэце было выдадзена 56 манаграфій, 25 вучэбных дапаможнікаў, з якіх 6 з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, больш за 1500 артыкулаў, праведзена 14 канферэнцый міжнароднага ўзроўня, абаронена 8 кандыдацкіх дысертацый.
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы будзе да месца выдзеліць адну з пяці на факультэце кафедру беларускай мовы, роля якой адметная, у тым ліку і ў вышэй адзначаных лічбах навуковых дасягненняў усяго факультэта. Выкладчыкі кафедры прадуктыўна працуюць па падрыхтоўцы спецыялістаў беларускай мовы, будучых даследчыкаў пытанняў лінгвістыкі.
Акрамя сваіх непасрэдных службовых абавязкаў, члены кафедры актыўна і плённа працуюць па прапагандзе ведаў аб беларускай мове, спрыяюць пашырэнню дасягненняў сучаснай лінгвістычнай навукі і давядзенню да ведама розных колаў насельніцтва беларускага слова, яго прыгажосці і чысціні, глыбокага зместу і таямнічасці. А таксама распрацоўваюць інавацыйныя праекты навучання беларускай мове і выхавання беларускамоўнай асобы для настаўнікаў беларускай мовы, як, напрыклад, «Лінгвакультуралагічны кампанент у навучанні беларускай мове» ў гімназіі № 10 Гомеля, «Развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў да вывучэння беларускай мовы і літаратуры праз арганізацыю навукова-даследчай работы» ў СШ № 66 Гомеля, чытаюць лекцыі і арганізоўваюць аўтарскія семінары для настаўнікаў беларускай мовы Гомельскай вобласці па актуальных пытаннях сучаснай лінгвістыкі і гэтак далей.
Штогод выкладчыкі кафедры беларускай мовы працуюць з адоранымі вучнямі Гомельскай вобласці, удзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове, праводзяць прафарыентацыйную работу сярод вучнёўскай моладзі рэгіёна.
Выкладчыкі кафедры плённа займаюцца навукова-вучэбнай работай: рыхтуюць лекцыі, новыя курсы, метадычныя рэкамендацыі і змяшчаюць на сайце ўніверсітэта, удасканальваюць праграмы, з’яўляюцца аўтарамі падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, слоўнікаў, а яшчэ манаграфій, даведачных выданняў, шматлікіх артыкулаў. У прыватнасці, толькі за апошнія гады выйшла з друку 3 манаграфіі, аўтарамі якіх сталі супрацоўнікі кафедры беларускай мовы: «Фразеалагічная эмацыянальная канцэптасфера беларусаў» (Мінск, 2012, В. А. Ляшчынская), «Абрадавая лексіка ў гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз» (Гомель, 2015, А. М. Воінава, А. А. Станкевіч, К. Л. Хазанава), «Базавыя канцэпты фразеалагічнай карціны свету беларусаў» (Мінск, 2015, В. А. Ляшчынская). А за тры апошнія гады выйшлі з друку тры вучэбныя дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі: «Арфаграфія і пунктуацыя сучаснай беларускай мовы» (2014 г., В. А. Ляшчынская, М. У. Буракова, З. У. Шведава), «Методыка выкладання беларускай мовы. Заданні і практыкаванні» (Мінск, 2015, В. А. Ляшчынская, З. У. Шведава), «Рыторыка» (Гомель, 2016, Станкевіч А. А.).
І зразумела, кафедра беларускай мовы з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам правядзення свята – Міжнароднага дня роднай мовы і пачала рыхтавацца загадзя: была распрацавана праграма, прадуманы цыкл мерапрыемстваў, у якіх прыме ўдзел кожны член кафедры, студэнты беларускага аддзялення і не толькі. Мяркуйце самі: аб’яўлены гарадскі конкурс літаратурнай творчасці студэнтаў «Мая родная мова» (проза, паэзія, публіцыстыка; заяўкі прымаюцца да 20 сакавіка 2017); праходзіць конкурс чытальнікаў твораў аб мове (беларускай, рускай, кітайскай, туркменскай і іншых) сярод студэнтаў; арганізуецца флэшмоб «Гавары са мной па-беларуску» і іншыя мерапрыемствы.
Святкуйце з намі, думайце і гаварыце па-беларуску, далучайцеся да нас!
Вольга Ляшчынская, прафесар кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны
Автор фото: из интернета


