Гамяльчане сталі ўдзельнікамi этнаграфічнага лагера | Новости Гомеля
Ганна Пашчанка Ганна Пашчанка Автор текста
11:20 26 Августа 2014 Общество

Гамяльчане сталі ўдзельнікамi этнаграфічнага лагера

Гамяльчане сталі ўдзельнікамi этнаграфічнага лагера «Летнік на Петрыкаўшчыне», які на працягу чатырох дзён праходзіў у рамках «Покліча Палесся». Ужо другі раз перад фестывалем этнакультурных традыцый у Ляскавічах амаль са ўсёй рэспублікі з’язджаюцца спецыялісты і проста аматары беларускай культуры. Дзякуючы гэтай экспедыцыі, Веткаўскi музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Г. Шклярава папоўніўся на некалькі дзясяткаў экспанатаў. 
 
 
Па словах загадчыка філіяла музея Пятра Цалкі (на здымку), у гэтым годзе публіка сабралася самая разнастайная: ад навукоўцаў да бухгалтароў, будаўнікаў і дызайнераў, тых, хто проста цікавіцца беларускай культурай. Для вывучэння культуры палешукоў на Петрыкаўшчыну прыехалі прадстаўнікі  Гомельшчыны, Мінска, Віцебска, Магілёва і Дзятлавіч, што на Гродзеншчыне. 
 
 
Летнік уключаў экспедыцыйную і культурную праграмы. Даследнікі наведалі мясцовы музей прыроды ў Ляскавічах і пракацiліся на цеплаходзе. Для збору этнаграфічных матэрыялаў наведалі пятнаццаць вёсак. У некаторыя з іх прыходзілася вяртацца па некалькі разоў, таму што носьбітаў беларускай культуры шмат, а ў некаторых засталося толькі два–тры жыхары сталага ўзросту, якія могуць што-небудзь расказаць. 
 
 
Што датычыць матэрыяльнай культуры Петрыкаўшчыны, то пасля Вялікай Айчыннай яна не вельмі захавалася. Большасць вёсак, якія наведалі даследнікі, амаль цалкам былі спаленыя падчас вайны. Таму тое, што дайшло да нашых дзён, адносіцца да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Але ўдалося знайсці кашулю, якая датуецца пачаткам ХХ стагоддзя. 
 
 
 
 
Людзі на Петрыкаўшчыне вельмі шчырыя, яны з лёгкасцю аддавалі старыя побытавыя рэчы, паказвалі свае хаты, расказвалі пра мясцовыя традыцыі, а некаторым нават пашанцавала стаць удзельнікамі абрадаў, што для даследнікаў вельмі важна. 
 
 
Усе рэчы, якія былі сабраны падчас экспедыцыі, былі перавезены ў Гомель і папоўнілі фонды філіяла Веткаўскага музея. А сабраны за летнікі 2012 і 2014 гадоў матэрыял плануецца надрукаваць ў зборніку, які будзе складацца з некалькіх частак. Першая – гэта абгрунтаванне навукоўцаў, другая частка – гэта ўласна запісы, трэцяя – дыск-дадатак, які будзе змяшчаць фота- і аўдыяматэрыялы. Паколькі выданне плануецца выдаць невялікім тыражом, яно будзе змешчана і ў інтэрнэце для большага распаўсюджвання сярод усіх зацікаўленых. 
 
 
Шмат ужо было сабрана за два «Летнікі на Петрыкаўшчыне», але шмат чаго яшчэ засталося вывучаць, бо Прыпяцкае Палессе цікавае тым, што да нашых дзён там захаваліся самабытныя рысы палешукоў. Гэты край патрабуе скрупулёзнага вывучэння сваёй культуры навукоўцамі для захавання і папулярызацыі этнакультурных традыцый Палесся. 
 
 

Автор фото: Ганна Пашчанка

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях