Без клуба «Цёплы дом» людзям сумна
Чарговае пасяджэнне клуба «Цёплы дом» для для людзей сталага ўзросту адбылося ў гарадской бібліятэцы-філіяле № 11.
На гэты раз да чытачоў завітала гомельская пісьменніца Ганна Атрошчанка. Яна прачытала свае новыя творы, адказала на шматлікія пытанні. Адзначу, што ў гасцях кніжніцы таксама былі гомельскія паэты Міхась Болсун, Таццяна Дарошка, Лідзія Долбікава і іншыя.
Бібліятэкар Святлана Грышчанка, кіраўнік клуба, паведаміла, што такія мерапрыемствы праходзяць рэгулярна і штомесячна. Нягледзячы на розныя хатнія клопаты, жанчыны і мужчыны прыходзяць на пасяджэнні нават улетку. Пра гэтае таксама засведчыла і актыўная наведвальніца гомельскай кніжніцы Іна Кірылаўна Салдаценка. У размове яна падкрэсліла, што мы ўжо нібыта адна сям’я. Многія жанчыны моцна пасябравалі, тэлефануюць адна адной, віншуюць са святамі, з народзінамі. І без клуба нам, людзям сталага веку, калі казаць шчыра, было бы сумна.
Адзначу, бібліятэкары таксама зацікаўлены ў тым, каб такія пасяджэнні клуба “Цёплы дом,” атрымліваліся захапляючымі і змястоўнымі. На сустрэчы запрашаюцца таксама юрысты, урачы, вядомыя гамяльчане.
Як паведаміла нам загадчыца гомельскай бібліятэкі-філіялу №11 Галіна Папова, бібліятэкары таксама імкнуцца зрабіць такія сустрэчы разнастайнымі па тэматыцы. Таму да святаў рэгулярна рыхтуюць розныя гульні, конкурсы, міні-спектаклі па творах вядомых пісьменнікаў.