Галоўны экспанат: падарунак Сталіну ці рэдкі дакумент? | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Дарья Моложавская Дарья Моложавская Автор текста
10:00 14 Мая 2022 Общество

Галоўны экспанат: падарунак Сталіну ці рэдкі дакумент?

Дзіўна, але мала хто ведае, што некалі ў Гомелі была свая дзіцячая чыгунка. Пра яе не так многа інфармацыі, бо шмат дакументаў знікла ў ваенным вогнішчы. Але чароўным чынам захаваўся незвычайны экспанат, які падрабязна расказвае гісторыю дзіцячай чыгункі, а разам з ім гісторыю горада і яго жыхароў. Захоўваецца ён у Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, куды мы і накіруемся.



Карціна, якую на фота трымае ў руках загадчык музея Пятро Цалка, унікальная. На ёй у розных тэхніках вышыта гомельская дзіцячая чыгунка. Улічваючы, што ў сучасным Гомелі няма нічога падобнага і нават яе рэшткаў, можна падумаць, што сюжэт – фантазія невядомага аўтара. Але ж не. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе над Сожам сапраўды існаваў такі аб’ект. Размяшчаўся ён у раёне сучаснага стадыёна «Лакаматыў». І хоць сёння многія ведаюць толькі пра дзіцячую чыгунку, якая працуе ў Мінску (з тых, што ў Беларусі), наша, гомельская, была пабудавана значна раней – у 30-х гадах мінулага стагоддзя, у той час як сталічную запусцілі толькі ў 1955-м. 

Інфармацыі пра незвычайны гомельскі атракцыён захавалася вельмі мала – усё ж такі шмат часу прайшло з тага моманту, як ён быў пабудаваны і ў вайну разбомблены. Хоць пэўна няправільна называць даволі сур’ёзны транспартны аб’ект атракцыёнам.

– Так, гэта была сапраўдная чыгунка з паравозам і вагонамі, машыністамі і праваднікамі, – тлумачыць Пятро Цалка. – Толькі ва ўсіх працэсах, звязаных з яе дзейнасцю, удзельнічалі дзеці. Гэта была такая своеасаблівая прафарыентацыя для падрыхтоўкі будучых чыгуначнікаў. Яе і будавалі ў раёне стадыёна «Лакаматыў» амаль як частку галіновага комплекса. Стадыёны раней стваралі як сапраўдныя культурныя цэнтры. Вы прыходзіце, а там і невялічкі кінатэатр, і дзіцячая чыгунка вакол тэрыторыі праходзіць.


Пра гомельскую дзіцячую чыгунку можна знайсці некаторыя звесткі на адмысловых электронных рэсурсах. На жаль, сведак тых падзей з прычыны мінуўшага часу амаль не засталося. 

Дык вось, дзіцячая чыгунка ў Гомелі – першая на тэрыторыі Беларусі і пятая ў СССР. Была адкрыта ў жніўні 1936 года. Яе даўжыня складала каля 0,5–0,8 кіламетра. Нягледзячы на невялікую працягласць, аб’ект меў паравознае дэпо, станцыйныя пабудовы, навучальнае памяшканне. На лініі было дзве станцыі: «Радасная» і «Шчаслівая». Ёсць звесткі, што чыгунку планавалася працягнуць да Лешчынца. Такім чынам яна б павялічылася на 3–4 кіламетры. Таксама вядома, што на гомельскай дзіцячай чыгунцы эксплуатавалі дарэвалюцыйны танк-паравоз серыі В амерыканскай фірмы «АЛКО» і два міні-вагона, якія на заказ пабудавалі на Гомельскім вагонарамонтным заводзе. 

На жаль, не захавалася ні воднай схемы дзіцячай чыгункі. І хаця ўмоўна прывязацца да мясцовасці стадыёна «Лакаматыў» можна, уявіць, як яна выглядала, не так і проста. Дакладней, было б няпроста, калі б не экспанат Веткаўскага музея. 



Цікава і тое, як экспанат быў створаны і як ён захаваўся падчас бамбёжак. 

– Калісьці мы рыхтавалі выставу па тэме савецкага дзяцінства, савецкіх цацак, – распавёў Пятро Цалка. – Да нас завітала сябра нашай установы жыхарка Гомеля Інэса Шыркоўская, якая прынесла нам гэтую карціну. У 1941 годзе, калі горад бамбілі, ёй было 10 гадоў. Пасля чарговай бамбёжкі людзі, якія засталіся ў Гомелі, па руінах шукалі патрэбныя ў гаспадарцы прадметы. Нехта знаходзіў якую каструлю, нехта рэшткі пасцельных рэчаў. У адзін з дней шла па руінах і дзесяцігадовая Інэса. На месцы разбомбленага дзіцячага садка чыгуначнікаў яна заўважыла нешта цікавае і прыгожае. Гэта была вышытая карціна. Дзяўчынка забрала яе дахаты. Шмат гадоў знаходка захоўвалася ў Інэсы Уладзіміраўны, пакуль жанчына не вырашыла перадаць яе для выставы ў музей. 

Рабочая назва экспаната «Падарунак для Сталіна», што літаральна адлюстроўвае ідэю стварэння карціны. Па словах кіраўніка музея, вядома, што яе рабілі ўдзельнікі гуртка Дома культуры чыгуначнікаў менавіта ў якасці падарунка кіраўніку савецкай дзяржавы. 

– Думаю, хутчэй за ўсё гэта юнацкая праца, – разважае суразмоўца. – Але дакладны ўзрост дзяцей назваць складана, таму што ў савецкія часы і вузелковай тэхнікай, і гладзю, якія мы бачым на карціне, ужо валодалі дзяўчынкі 10–12 гадоў. 



Па нейкіх прычынах падарунак не прайшоў адбор сярод іншых, якія прызначаліся правадыру. Мяркуюць, што карціну палічылі занадта дзіцячай, ці яшчэ што – ніхто сёння гэтага не праверыць. Але праз гэта ён быў перададзены ў дзіцячы садок чыгуначнікаў. Хутка пачалася вайна, і ў 1941 годзе дзіцячую ўстанову разбамбілі. На яе абпаленых руінах дзяўчынка і знайшла гэтую карціну. 





У гады акупацыі Гомеля фашысты поўнасцю разбурылі і дзіцячую чыгунку. Пасля вайны яе не аднаўлялі. 

– Падарунак Інэсы Уладзіміраўны супрацоўнікі музея рэканструявалі, ён стаў часткай тэматычнай выставы, – завяршае Пятро Цалка. – Але ж, безумоўна, зараз карціна з’яўляецца не только мастацкім экспанатам як вышыўка, а нават хутчэй гістарычным – гэта, па сутнасці, адзіная выява гомельскай дзіцячай чыгункі.


  • Гамяльчане ўспамінаюць

Уладзімір ШляйцАЎ, ветэран вайны, 97 гадоў:


– У дзяцінстве я хадзіў на гэтую дарогу. Амаль перад самай вайной. Помню паравоз і некалькі вагонаў. Дзецям там было вельмі цікава! Стрэлачнікі, машыністы, праваднікі, касіры ў білетных касах – усе гэтыя ролі выконвалі дзеці. Гэта была копія сапраўднай чыгункі для дарослых. Многа людзей – асабліва дзіцячага ўзросту – сабіралася там на Дзень чыгуначніка. Гэта было вельмі цікава і карысна! Потым мая сям’я пераехала ў Башкірыю. У 17 гадоў мяне прызвалі ў армію. Калі вярнуўся ў Гомель, дзіцячай чыгункі ўжо не было.

Автор фото: автора

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N