Гамяльчанка прапануе праводзіць адукацыйныя майстар-класы ад беларускамоўных блогераў | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Паліна Нiкалаiдзi Паліна Нiкалаiдзi Автор текста
11:30 26 Мая 2020 Общество

Гамяльчанка прапануе праводзіць адукацыйныя майстар-класы ад беларускамоўных блогераў

Гамяльчанка прапануе праводзіць адукацыйныя майстар-класы ад беларускамоўных блогераў.

На думку Ангеліны Себік, вучанiцы 10 класа гімназіі № 10, ва ўсіх сферах жыцця не хапае роднай мовы. Ёй хацелася б часцей чуць яе сярод аднагодкаў. З’яўляючыся фіналісткай конкурсу «Першыя» ад А1, дзяўчына падзялілася ідэямі, як пашырыць выкарыстанне мовы сярод моладзі. 

– Гаворка адлюстроўвае асаблівасці народа, яго светапогляд, гісторыю і культуру, – разважае Ангеліна. – Аднак колькасць людзей, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў паўсядзённым жыцці, скарачаецца. Гэта датычыцца і моладзі. Узнікае пытанне: чаму так адбываецца? Але ж давайце падумаем, дзе сёння звычайна камунікуюць хлопцы і дзяўчаты? У школе і сацсетках. Значыць, калі беларускай мовы было б болей там, то і больш падлеткаў вольна карысталіся б ёй. 

Са сваіх разважанняў дзяўчына сфармулявала ідэю: правесці серыю адукацыйных майстар-класаў ад беларускамоўных блогераў у Гомелі з трансляцыяй у прамым эфіры на ўсю краіну.

– Многiм людзям было б цікава паўдзельнічаць у адукацыйных мерапрыемствах, праведзеных беларускімі блогерамі ў форме воркшопа. Гэткім чынам яны маглі б падзяліцца вопытам, расказаць, як паспяхова весці свой канал і рабіць кантэнт больш займальным для гледачоў, – падзялілася Ангеліна Себiк.

Воркшопы праходзяць у форме семінара, удзельнікі якога атрымліваюць веды самастойна, выкарыстоўваючы асабісты вопыт і ўменні. Даслоўны пераклад терміна – «майстэрня». Такі фармат прадугледжвае актыўны ўдзел гледача праз конкурсы і іншыя задачы.

– Людзі, за дзейнасцю якіх сочаць сучасныя падлеткі і да меркавання якіх прыслухоўваюцца, маглі б падзяліцца сваімі парадамі па вядзенні сацсетак. І на ўласным прыкладзе зруйнаваць стэрэатыпы і паказаць вялікай маладзёжнай аўдыторыі, што беларуская мова – сучасная, практычная і прыгожая, – упэўнена Ангеліна. – Я хачу, каб дзякуючы майму праекту людзі зразумелі, што стан і ўспрыманне беларускай мовы залежаць толькі ад нас саміх. І нават адзін пост на роднай мове з часам можа паўплываць на агульную сітуацыю.


Ангеліна Себік прэзентуе свой праект на канферэнцыі для моладзі TEDxYouth@Minsk, якая запланавана на 19 верасня. На сусветна вядомай пляцоўцы свае ідэі ў сферы тэхналогій, экалогіі, інклюзіі і культуры прадставяць дзесяць старшакласнікаў з усёй краіны – фіналісты конкурсу «Першыя», сярод якіх дзве школьніцы з Гомеля. Рэгістрацыя на падзею ўжо пачалася. Уваход вольны. 

Канферэнцыя TEDxYouth@Minsk адбудзецца ў Беларусі ў другі раз і з’яўляецца часткай сусветнага руху TED у нашай краіне. Па традыцыі, прамовы ўсіх спікераў будуць гучаць па-беларуску, бо адна з мэтаў праекта – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы.

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N