«Гомель. Падзеi. Асобы»: людзі і факты ў гісторыі горада | Новости Гомеля
Любовь Валина Любовь Валина Автор текста
11:00 03 Февраля 2020 Общество

«Гомель. Падзеi. Асобы»: людзі і факты ў гісторыі горада

Першы выпуск новага праекта пачнецца са старых падшывак газет. Іншым разам прыходзіцца звяртацца да публікацый мінулых гадоў. І, знайшоўшы патрэбную старонку, нельга проста так узяць і закрыць стос. Міжволі пачынаеш праглядаць  нумары. Успамінаеш, смяешся, параўноўваеш. Якімі былі гарадскія вуліцы, як апраналіся людзі, чым жылі, аб чым марылі, якія праблемы iх хвалявалi. І як пісалі пра гэта ў газеце.  

Увогуле сёння цяжка ў тым ці іншым месцы горада ўявіць пустэчу, якая была там яшчэ 20-30 гадоў таму, і прыдумаць, як раней  жыхары Гомеля маглі абыходзіцца без той ці іншай бальніцы, крамы ці дарогі. Здаецца, што ўсё, да чаго мы прывыклі, у горадзе было заўсёды. Безумоўна, гэта не так. За ўсімі зменамі стаяць праца шматлікіх спецыялістаў і паразуменне на ўсіх узроўнях улады асновы: першае, на што трэба абапірацца пры прыняцці рашэнняў, гэта чалавек, яго бяспека і здароўе, якасць жыцця і магчымасць развівацца.  

З песні слоў не выкінеш. 

Наўздагад дастаю з паліцы тоўстую папку. 1999-ы. Дзеля нагляднасці звычайна прынята параўноўваць лічбы. Напрыклад, колькі пабудавалі квадратных метраў жылля, колькі дзетак нарадзілася ў той ці іншы год. Такім чынам можна прасачыць, як адчувалі сябе звычайныя сем’і, ці былі ўпэўнены ў тым, што адбудзецца заўтра. Але ж, думаецца мне, таму, хто зачапіў той перыяд, лічбы не патрэбны. Зразумела, што яны за 20 год павялічыліся ў некалькі разоў. Бо, вядома, што ў пачатку таго няпростага дзесяцігоддзя рэспубліка толькі атрымала незалежнасць. Краіна знаходзілася ў стане сацыяльна-эканамічнага крызісу. Так было. З песні, як вядома, слоў не выкінеш.

Але ж вернемся да нашай падшыўкі. У 1999 годзе побач з канстатаваннем таго, што яшчэ шмат трэба зрабіць, усё часцей сустракаюцца навіны, якія сведчаць, што жыццё на месцы не стаяла і крок за крокам, год за годам краіна, у тым ліку і наш Гомель, развівалася, станавілася больш утульнай і камфортнай для жыцця.

За 25 год новыя мiкрараёны выраслi па ўсiм Гомелi.


Маленькiя жыхары новага мiкрараёна на вулiцы Фядзюнiнскага добра бавяць час на дзiцячай пляцоўцы.

Напрыклад, некалькі разоў на старонках газет таго часу сустракаюцца разважанні пра патрэбнасць узвядзення Лядовага палаца, будаўніцтва якога было распачата ў жніўні 1998-га. Адпаведныя пытанні журналісты ставяць спецыялістам, прадстаўнікам улады. Зразумела, сродкаў на ўсё не хапала, таму трэба было выбіраць, куды накіроўваць грашовыя патокі. І хаця вынікі заўсёды хочацца мець у кароткі тэрмін, часам рабіць выбар трэба на карысць будучым пакаленням: вядома, што праз некалькі год у грамадстве больш актыўна пачнуць разважаць аб здаровым ладзе жыцця, развіцці спорта і прапановах для моладзі бавіць вольны час у спартыўных залах, а не на вуліцах. І ў траўні 2000-га Лядовы палац быў уведзены ў эксплуатацыю.  Сёння гэта адзін з самых папулярных у насельніцтва спартыўных аб’ектаў. 


Выступленне дзяржаўнага Санкт-Пецярбургскага балета на лёдзе ў Лядовым палацы Гомеля, 2014 год.

Гартаю далей. Здаецца, супярэчлівы 1999-ы мала чым адметны, лепш закрыць важкі газетны стос, каб зазірнуць у іншы. Але старонка за старонкай – і трапляю на доказы таго, што горад ні на хвіліну не спыняўся ў сваім развіцці. Вось журналісты распавядаюць аб першай аперацыі на адкрытым сэрцы, якую зрабілі ў кардыялагічным дыспансэры. Далей звесткі пра тое, як прайшоў субботнік і быў наведзены парадак на гомельскіх вуліцах. На пасяджэнні гарвыканкама вырашаюць будаваць  рынак на вуліцы Каменшчыкава, які зараз вядомы  жыхарам горада як «Прудкоўскі».

На самым вышэйшым узроўні  прымаецца рашэнне аб узнаўленні будаўніцтва спецыялізаванага дыспансэра для лячэння і рэабілітацыі  грамадзян, якія пацярпелі  ад чарнобыльскай катастрофы.  На невялікім чорна-белым здымку ў недабудаваным памяшканні можна пазнаць рысы сучаснага РНПЦ. Безумоўна, зрабіць гэта было няпроста, але ж час патрабаваў. Бо жыхарам Гомельскага рэгіёну была патрэбна сучасная медыцынская дапамога самага высокага ўзроўню. 

Паміж стагоддзямі. 

А вось, гартаючы газеты ўжо ХХІ стагоддзя, бачу ход іншых значных падзей у жыцці Гомеля. З паведамленняў – урачыстае адкрыццё новых абектаў, якіх стала яшчэ больш. У рукі трапляецца 2008-ы. Жнівень. На першай старонцы нумара – ход рэканструкціі Лебядзінай сажалкі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Замест вады і птушак – краны і будаўнікі. Сёння не ўявіць! Здаецца, стаіць яна сабе з часоў Івана Паскевіча. Да адкрыцця ў 2009 годзе тут устанавілі плавальныя фантаны, водны каскад, хаткі для лебедзяў, стварылі альпійскую горку. Прыгажосць! 

 Лебядзiная сажалка ў Гомельскiм парку.

У гэтым жа годзе свае дзверы для вучняў і педагогаў адкрыла  сярэдняя школа № 72 – сучасная, прыгожая, утульная, з безбар’ерным асяроддзем.  А таксама новая бібліятэка імя Янкі Купалы на вуліцы Чангарскай дывізіі. 

Дарогі, якія мы выбіраем. 

Наступная папка. Падзеі лістапада 2014-га. У той час урачыста адкрылі рэканструяваную вуліцу Барыкіна. Сёння наўрад ці хто скажа, што трэба было пакінуць вузкую дарогу і драўляныя хаты Адразу ўзгадваюцца і іншыя падзеі, што змянілі Гомель у лепшы бок і зрабілі жыццё жыхароў горада больш бяспечным і камфортным, – рэканструкцыя вуліц Інтэрнацыянальнай, Валатаўской і іншых.  

Перачытваць старонкі можна бясконца. Да значных святаў – Дня Незалежнасці, Вялікай Перамогі, Дня нараджэння Гомеля – для жыхароў горада заўсёды падрыхтаваны падарункі: культурна-сацыяльныя аб’екты, пабудаваныя ці пасля рэканструкцыі, адрамантаваныя дарогі, дзіцячыя пляцоўкі, зоны для адпачынку і іншыя, без якіх сёння не ўявіць наша жыццё. 


Да адкрыцця дарогi «Ўсходні абход» у Дзень Незалежнасцi гамяльчане атрымалi падарунак – новыя аўтобусы.

У новым праекце «Ведамасцяў» журналісты прыгадаюць цікавыя моманты з жыцця горада, расскажуць, як удасканальваюцца розныя яго накірункі. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца! 


Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях