У госці да хобаля і задзіры Гервасія Вылівахі: Рагачоў далучыўся да "Фэста экскурсаводаў"
Игорь  Степанцов Игорь Степанцов
14:30 16 Апреля 2019 Общество

У госці да хобаля і задзіры Гервасія Вылівахі: Рагачоў далучыўся да "Фэста экскурсаводаў"

Першы раз у рамках “Фэста экскурсаводаў” у Рагачове зладзілі экскурсію па памятных мясцінах выдатнага беларускага паэта і пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

З Рагачова паходзяць шматлікія продкі пісьменніка


Пазнаёміцца бліжэй з асяроддзем, якое натхняла літаратара на стварэнне бессмяротных твораў “Ладдзя роспачы”, “Чазенія”, “Каласы пад сярпом тваім” і іншых, дапамог мясцовы краязнаўца Андрэй Чарняўскі.

Андрэй Чарняўскі


Рагачоў, як і Гомій, упершыню ўзгадваецца ў летапісах у 1142 годзе


"Ладдзя роспачы" - адін з найвыдатнейшых твораў беларускай літаратуры



Нягледзячы на тое, што ў аповесці ўзгадваецца каралева Бона Сфорца, мясцовыя гісторыкі лічуць, што ў Рагачове жонкі Жыгімонта І не было


На працягу многіх гадоў Андрэй збіраў інфармацыю аб жыцці Уладзіміра Караткевіча. За гэты час у калекцыі даследчыка з’явіліся ўнікальныя фотаздымкі з пісьменнікам, паштоўкі аўтара.




Па словах Андрэя, зрабіць экскурсійную сцежку “Па старонках Рагачоўскага дзённіка Караткевіча” было вельмі важна. Яшчэ да нядаўняга часу на сайце festguides.by было зарэгістравана больш за 300 экскурсій, і ніводнай з іх не ладзілася ў Рагачове.  Трэба было нешта зрабіць. Тым больш, што ў Беларусі аднаўляецца цікавасць да жыцця беларускага пісьменніка. Як доказ гэтых слоў – шматлікія наведвальнікі, якія прыехалі ды прыйшлі на экскурсію з самога Рагачова, а таксама з Гомеля і нават з Бабруйска.

Вось так уяўляе сабе галоўнага героя "Ладдзі роспачы" Гервасія Выліваху мясцовы мастак Анатоль Майсейчанка




На Замкавай гары, дзе распачаўся паход, удзельнікі з задавальненнем уяўлялі як дзесьці жыў хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, гора і няшчасце Рагачова і, да таго ж, сапраўдны брэнд горада - Гервасій Выліваха. Некалькі год таму ініцыятыўная группа нават зрабіла макет помніка галоўнаму герою “Ладдзі роспачы”, але пакуль рэалізаваць мару ў выглядзе малай архітэктурнай формы не атрымалася.






Далей па вулачках і сцежках экскурсанты направіліся па маршрутах пісьменніка. Менавіта да гэтых вулачак, ў гэтыя мясціны збягаў Уладзімір Сямёнавіч са сваёй мінскай кватэры. Тут ёсць і лазня, якую ён наведваў, захаваўся дом, дзе жылі яго сябры і ў якім Караткевіч часта гасцяваў, і набярэжная, “дзе вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро”. З берага ракі беларускі класік часамі лавіў рыбу ды натхняўся на стварэнне новых твораў. І, канечне ж, дзедаў дом, дзе за сталом, спецыяльна набытым у Рагачове, з’яўляліся новыя радкі “Ладдзі”, “Каласоў”, “Чорнага замка”.

Від на вуліцу, дзе жылі сябры Уладзіміра Сямёнавіча




У архіве Андрэя Чарняўскага знаходзіцца шмат фатаздымкаў самога пісьменніка і з Уладзімірам Караткевічам







Зараз у гэтым доме жывуць сваякі пісьменніка, а перад хатай стаіць памятная дошка ў гонар знакамітага літаратара. Больш таго, адзіныя ў Рагачове беларускамоўныя шыльды з назвамі вуліцы знаходзяцца таксама тут. І было б няправільна, калі б на іх не было напісана імя выдатнага дзеяча беларусскай культуры Уладзіміра Караткевіча.



Хата ў Рагачове, дзе з'явіліся шматлікія творы Уладзіміра Караткевіча


Зараз вуліца, дзе знаходзіцца дзедаў дом, носіць назву пісьменніка


Скончылася двухчасовае падарожжа па горадзе на Дняпры. Над кручамі, дзе пісьменнік назіраў за палётамі кажаноў, і, там, дзе як і 400 год таму, звінелі неўміручыя беларускія жаўрукі.




Автор фото: Ігар Сцепанцоў

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях