"Гомель" - "Днепр" (Могилев) - 3:2 | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Михаил Болсун Михаил Болсун Автор текста
10:50 22 Августа 2016 Спорт

"Гомель" - "Днепр" (Могилев) - 3:2

Адзін з галоўных матчаў 15-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе паміж «Гомелем» і магілёўскім «Дняпром», які прайшоў заўчора ў нашым абласным цэнтры, выклікаў павышаную цікавасць балельшчыкаў. Па-першае, сустракаліся лідары лігі, якія вядуць барацьбу за выхад у вышэйшы дывізіён. Па-другое, у першым крузе «Днепр» прайграў нашым землякам і прыехаў з яўным намерам узяць рэванш.

Паглядзець матч прышлі 1100 прыхільнікаў гэтай гульні. Яны не прагадалі, бо паядынак атрымаўся напружаным, багатым на галы. У пачатку сустрэчы госці пайшлі рашуча ў атаку. І ўжо на дзявятай хвіліне забілі мяч. Дзмітрый Цярэшчанка навесіў яго з вуглавога ў штрафную, і адзін з лепшых нападаючых лігі Мурат Хотаў адкрывае лік. Натхнёныя ўдачай, госці імкнуцца замацаваць поспех. Мог вызначыцца Аляксандр Сазанкоў, але не замкнуў вострую перадачу. І ўсё ж магіляўчанам пашанцавала. У барацьбе за мяч каля варот «Гомеля» гаспадары, на думку суддзі, парушылі правілы. Сумніўны пенальці рэалізаваў той жа Мурат Хотаў.

На такі ход падзей наша каманда, вядома, не разлічвала, але і не разгубілася. Два прапушчаныя галы па-спартыўнаму раззлавалі футбалістаў, і яны актыўна ўзяліся за справу, што прынесла станоўчы вынік. Мінула толькі дзве хвіліны, і «Гомель» адквітаў адзін мяч. Спрытнейшым у небяспечным моманце каля варот праціўніка аказаўся Аляксандр Янчанка. З гэтага часу дружына Уладзіміра Жураўля ўзмацніла тэмп, зайграла больш упэўнена, пачасціліся ўдары па варотах. На 35-й хвіліне Павел Сітко хутка прарваўся па левым фланзе да штрафной, але яго перадачу Дзмітрый Гомза, на жаль, не выкарыстаў.

Другі тайм нашы землякі таксама пачалі актыўна. Яны часцей пераходзілі на палову поля гасцей, наносілі ўдары. Прыгожы гол атрымаўся на 72-й хвіліне, калі Ігар Ражкоў доўгай дыяганальнай перадачай адрасаваў мяч Паўлу Сітко, які тут жа моцным ударам адправіў яго ў дальні ад галкіпера вугал варот. Нічыйны лік прыдаў нашым землякам больш упэўненасці і веры ў перамогу. Але заўважым, што ў запале барацьбы ігракі абедзвюх каманд, як кажуць, на роўным месцы памылялілся, гублялі мяч. Трэнеры правялі шэраг замен, бо нічыя ў прынцыповым матчы нікога не задавальняла. І хоць госці часцей падавалі вуглавыя, некаторыя моманты былі небяспечнымі, але і безвыніковымі. Гаспадары ж свой шанец не ўпусцілі. За чатыры хвіліны да канца асноўнага часу гульні яны падаюць вуглавы. Перадачу галавой замкнуў абаронца Руслан Юдзянкоў. З лікам 3:2 «Гомель» атрымаў валявую перамогу і захоўвае за сабой першы радок у турнірнай табліцы.

Астатнія матчы тура завяршыліся наступным чынам: «Хімік» – «Прамень» – 2:3, «Тарпеда» – «Баранавічы» – 3:2, «Смалявічы-СТІ» – «Смаргонь» – 0:1, «Зорка-БДУ» – «Гомельжелдортранс» – 2:1, «Слонім» – «Ашмяны» – 4:0, «Ліда» – «Орша» – 2:2.


Автор фото: Анна Пащенко

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N