"Шахцёр" (Салігорск) — ФК "Гомель" (0:1) | Новости Гомеля
Міхась Болсун Міхась Болсун Автор текста
14:40 11 Августа 2014 Спорт

"Шахцёр" (Салігорск) — ФК "Гомель" (0:1)

З надзеяй на перамогу футбалісты «Гомеля» ехалі ў няблізкі Салігорск на матч 20-га тура з мясцовым «Шахцёрам», хоць добра ўсведамлялі, што здабыць вікторыю будзе цяжка. Каманда Сяргея Бароўскага – моцны арэшак, аб чым сведчаць выступленні яе ў Лізе Еўропы. «Гомелю» ж ачкі зараз патрэбны, як паветра, бо ў апошніх шасці матчах іх набрана толькі чатыры з 18-ці магчымых.
 
 
Як пераадолець паласу няўдач, псіхалагічны бар’ер, вярнуць футбалістам упэўненасць у сваіх сілах і дастойна пазмагацца за месца ў «шасцёрцы» лепшых? Як паказаў матч у Салігорску, трэнерскі штаб гамяльчан папрацаваў у гэтым напрамку нядрэнна. Нягледзячы на пэўныя праблемы, падначаленыя Уладзіміра Гольмака паказалі характар, упэўнена вялі барацьбу на ўсіх участках поля. Пры гэтым, дапускалі і памылкі, і нават у штрафной пляцоўцы. За гульню рукой там абаронцы Дзмітрыя Неўмывакі на фінішы першага тайма быў прызначаны пенальці. Але салігорац Мікалай Януш не змог перайграць варатара «Гомеля» Андрэя Клімовіча. 
 
 
У другім тайме небяспечныя моманты ўзнікалі каля адных і другіх варот. На 63-й хвіліне «Шахцёр» «пакаралі» яго былыя аднаклубнікі. Дзмітрый Камароўскі аддаў дакладны пас Паўлу Сітко, і апошні прабіў дакладна. «Гомель» павёў – 1:0. Адквітацца гаспадары поля маглі на 88-й хвіліне, калі быў прызначаны другі пенальці ў вароты «Гомеля». І на гэты раз Андрэй Клімовіч прадэманстраваў майстэрства і адбіў удар Арцёма Старгародскага. Мінімальная перавага гамяльчан у ліку захавалася да фінальнага свістка арбітра. 
 
 
Пасля выяздной перамогі над «Шахцёрам» наша каманда перамясцілася на шостае месца ў турнірнай табліцы. На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер гамяльчан пахваліў футбалістаў: «Гулялі наўмысна другім нумарам. Вынік – на табло. Малайцы рабяты. Варатар нядрэнна згуляў, але варта адзначыць усю каманду. Яна да апошняга білася за гэты вынік».
 
 
Галоўны трэнер «Шахцёра» Сяргей Бароўскі заўважыў: «Не хапіла крыху свежасці, што паўплывала на выканаўчае майстэрства. Гуляць праз два дні складана, але я задаволены, як на фоне стомленасці змагалася каманда. Футбольная фартуна была сёння на баку “Гомеля”».
 
 
*  *  *
 
 
А зараз вынікі іншых матчаў 20-га тура. «Дынама» з Брэста перамагла ў Магілёве «Днепр» – 1:0. З такім жа лікам «Тарпеда БезАЗ» узяла верх над «Мінскам». «Нёман» і «Белшына», «Нафтан» і «БАТЭ» разышліся мірам – 1:1. Матч паміж сталічным «Дынама» і «Слуцкам» перанесены на больш позні час. 

Автор фото: Ганна Пашчанка

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях