Футбол: "Гомель" згуляў унічыю
Міхась Болсун Міхась Болсун
11:00 20 Августа 2019 Спорт

Футбол: "Гомель" згуляў унічыю

Матчам «Энергія-БДУ» – «Гомель» у мінулую пятніцу пачынаўся 18-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. 

Перамога нашай каманды над «студэнтамі» ў першым крузе з лікам 3:0 яшчэ не гарантавала лёгкага паядынку. Таму, каб папоў­ніць пакуль небагаты ачковы багаж, «Гомель» са старту ўзяў гульню пад кантроль на сталічным стадыёне ФК «Мінск». Праходы па цэнтры і флангах, навесы з вуглавых раз-пораз стваралі небяспечныя моманты ў штрафной гаспадароў поля. На працягу матча пры перахопе навесных перадач мог вызначыцца Руслан Юдзянкоў. Не скарысталі галявыя шанцы Цярэнцій Луцэвіч, Сяргей Глебка, Бадры Акубардыя. Неаднаразова блізка да мэты быў лепшы бамбардзір чэмпіянату Віталь Квашук. Пасля аднаго з яго ўдараў мяч прасвістаў крыху вышэй варот, пасля другога – трапіў у перакладзіну. На 60-й хвіліне Віталь усё-такі паслаў мяч з правага флангу  ў рамку, але гол не быў залічаны.

Віталь Квашук



Гаспадары ж поля ў першым тайме стварылі толькі адзін галявы момант і выкарысталі яго. На 33-й хвіліне мяч забіў Ілля Шкурын. Дададзім, что ў першай палове матчу гульня праходзіла карэктна. Папярэджанне атрымаў толькі Свен – ігрок «Энергіі». Аналага другому тайму, бадай, не знойдзецца ў гісторыі беларускага футбола. Запомніцца ён не цудоўнымі камбінацыямі, мудрагелістымі фінтамі ці шэдэўральнымі галамі.

Напружанне барацьбы дасягнула такога градуса, што прафесійнае майстэрства пачала падмяняцца грубасцю, частымі парушэннямі правілаў. Па гэтаму кампаненту яўным лідэрам былі гаспадары. Толькі за апошнія 32 хвіліны матчу «студэнтам» было паказана пяць «гарчычнікаў». Для Свена і Арсена Канцэдалава яны імгненна ператварыліся ў чырвоныя карткі. Такую ж «узнагароду» напрамую атрымаў у дадатковы час яшчэ і Арцём Шкурдзюк, які ў штрафной груба згуляў супраць нашага Віталя Квашука. Галоўны суддзя матча Сяргей Цынкевіч прызначыў пенальці, які рэалізаваў сам пацярпелы. Дзякуючы гэтаму голу «Гомель» пазбегнуў пройгрышу. Заўважым, что трое ігракоў з «Гомеля» – Ілля Гульцяеў, Дзмітрый Маляка і Сяргей Глебка – таксама пабачылі перад сабой жоўтыя карткі. Як бачым, за матч былі забіты толькі два мячы, а вось жоўта-чырвоны судзейскі букет аказаўся надзвычай яркім.

Пасля матча галоўны трэнер «Гомеля» Аляксей Мяркулаў пракаментаваў гульню наступным чынам:

– Мы мелі вялікую перавагу, стварылі шмат момантаў, але, на жаль, не ўдалося іх рэалізаваць. Сапернік стварыў адзін момант і забіў гол. Добра, што хоць здолелі ў канцы адыграцца. Вядома, маючы такую перавагу, матч трэба даводзіць да перамогі.

– Вы атакуеце, часта выкарыстоўваеце вуглавыя, але не ўдаецца перамагчы. У чым асабіста вы бачыце праблему?

Мяркулаў:
– На жаль, гэта не першая такая гульня. Пані Фартуна ад нас чамусьці адварочваецца, таму будзем яшчэ больш працаваць. Іншага выйсця і рэцэпта проста няма.

* * *
Вынікі іншых матчаў тура такія. «Славія» перамагла «Дняпро» – 1:0, а «Мінск» узяў верх над «Тарпеда-БелАЗ» – 2:0. «Нёман» і «Іслач» разышліся мірна – 1:1. «Гарадзея» нечакана атрымала пераканаўчую перамогу над «Дынама» (Мінск) – 3:1, «Віцебску» прысуджана тэхнічная перамога – 3:0. Сустрэча «Дынама» (Брэст) – БАТЭ перанесена на 25 верасня.

Автор фото: Ганна Пашчанка

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях