Ірына Чайкова: «Настаўнік – гэта стан душы» | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Дмитрий Чернявский Дмитрий Чернявский Автор текста
13:50 25 Марта 2023 Общество 4118

Ірына Чайкова: «Настаўнік – гэта стан душы»

Дваццаць шэсць год мінула,а здаецца, што ўчора прыйшла на працу ў Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй маладая і такая ўлюбёная ў сваю прафесію настаўніца. Ірына ЧАЙКОВА працуе ў навучальнай установе выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Прафесію выбрала невыпадкова. І маці, і сястра натхнілі на філалагічны шлях. Ад матулі ўзяла любоў да роднага слова, а ад сястры – прафесіяналізм і адданасць працы.





Ірына Аляксандраўна лічыць, што настаўнік – гэта не проста прафесія, гэта стан душы. Ні на адно імгненне яна не ўсумнілася ў сваім выбары.

На пытанне, чым ганарыцца, адказала, што пашчасціла з ліцэем, цудоўнымі калегамі, а асабліва – з вучнямі. Яны вельмі таленавітыя і заўсёды падтрымліваюць свайго педагога ва ўсіх цікавых задумах.

З пяшчотай Ірына Чайкова ўспамінае дасягненні сваіх выхаванцаў. Шматлікія перамогі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, удзел у творчых конкурсах, выхад невялікіх, але ўсё ж зборнікаў паэзіі яе вучняў – гэта тое, чым ганарыцца настаўніца.


– А самая запамінальная перамога – першы ў ліцэі 100-бальны вынік на ЦТ па беларускай мове ў вучаніцы Наталлі Манаковай ў далёкім 2009 годзе, – успамінае Ірына Аляксандраўна. – Пасля былі яшчэ такія дасягненні, але гэтае ўспамінаецца з асаблівым пачуццём. Дарэчы, вучні і зараз на ЦТ па беларускай мове ідуць з вялікім жаданнем.

Настаўнік заўважае, што ў першую чаргу гэта заслуга усіх выкладчыкаў, якія працуюць у ліцэі. Дык у чым на самай справе сакрэт такога настаўніка? Са слоў вучняў, умее Ірына Аляксандраўна неяк зусім незаўважна ўлюбіць у родную мову. Пры гэтым настаўніца пасміхаецца і кажа, што ніякай таямніцы няма. Проста трэба любіць тое, чым займаешся. Дзяцей жа не падманеш (трэба адзначыць, што сваіх вучняў Ірына Аляксандраўна так ласкава называе заўсёды). І калі яны бачаць, што настаўнік сам у захапленні ад сваёй справы, дык і вучні пранікаюцца гэтай любоўю да ўсяго роднага. Пачынаюць пісаць вершы, размаўляюць па-беларуску. Тым больш, што і сама выкладчыца піша вершаваныя радкі, якія па-сапраўднаму натхняюць: «Мова мая – Багдановіч, Песня мая – Купала, Годнасць мая – Караткевіч. Скажаце, гэтага мала?»


Успомніла настаўніца і жартаўлівы выпадак: аднойчы злодзеі ўзламалі яе старонку ў інтэрнэце і пачалі рассылаць розныя лісты ад яе імя. Вучні зразумелі ўсё адразу, бо настаўніца заўсёды піша ім па-беларуску, а тут... Вось так беларуская мова дапамагла ў жыцці.

Настаўніца вельмі сур'ёзна дадае, што ўдзячная сваім вучням. Вось і творчы шлях пачала менавіта дзякуючы ім. Проста, каб падтрымаць сваю вучаніцу, адправіла на конкурс «Сям'я – аснова кахання і шчасця» да 100-годдзя Івана Шамякіна сваё эсэ. Вынік – дыплом I ступені ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. А пасля – лаўрэат першага адкрытага конкурсу гумарыстычнай прозы і паэзіі імя В. Ю. Тка­чова, фіна­ліст абласнога конкурсу «Наш Добруш – душы бясцэнны скарб».

Ірына Чайкова абяцае, што на гэтым не спыніцца, будзе пісаць яшчэ... Але па-ранейшаму свае творы паказваць саромеецца. Лічыць, што самае галоўнае – у любой сітуацыі заставацца чалавекам, улюбёным у свой край, сваю мову, сваю сям'ю, аб чым і гаворыць у вершы: «Слабаму – дапаможам, хітраму – мы прабачым. Хочацца быць чалавекам, усім і ўсяму ўдзячным!»

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N