16:15
25 Апреля 2024
Беларусь помнит
Харэаграфічны ансамбль «Харошкі» запрашае на святочны канцэрт «Памяць сэрца»
«Памяць сэрца» ‑ яркі, прыгожы, эмацыйна багаты, надзвычай кранальны харэаграфічны спектакль, у якім гучыць тэма складанага, трагічнага лёсу жанчыны падчас вайны… На яе плечы ляглі ўсе нягоды. Менавіта жанчына замяніла мужчыну і стала галоўным здабытчыкам, клапацілася пра гаспадарку, выхоўвала дзяцей, з раніцы да ночы працавала на калгасных палях, аддаючы ўсю сябе для будучай перамогі. Першая палова праграмы напоўнена шчымлівымі, пранікнёнымі лірыка-драматычнымі нумарамі. Але будзе на сцэне і сапраўднае свята, сімвал адраджэння і светлай надзеі – «Беларускае вяселле» – выдатная харэаграфічная сюіта, якую складаюць гулліва-жартоўныя танцы-сцэнкі. Артысты выконваюць іх з запалам, радасным натхненнем, яркімі эмоцыямі і пачуццямі.
Канцэрт пройдзе пад жывую музыку ў суправаджэнні вакальна-аркестровай групы ансамбля «Харошкі».
Тэатралізаваная праграма «Памяць сэрца» пакідае моцныя ўражанні, дорыць сапраўдную асалоду ад выбітнай харэаграфіі, прасякнутай любоўю да нашай роднай зямлі і яе традыцый!
Сардэчна запрашаем адзначыць свята Вялікай Перамогі разам! Да сустрэчы 9 мая ў Гарадскім цэнтры культуры г. Гомеля (вул. Ірынінская, 16). Пачатак на 16-ай гадзіне.
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter