Дзень беларускага пісьменства: ад Полацка да Добруша | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Зміцер Чарняўскі Зміцер Чарняўскі Автор текста
07:29 03 Сентября 2022 Культура

Дзень беларускага пісьменства: ад Полацка да Добруша

З гiсторыi свята. 


Першыя выхадныя верасня 29-ты раз праходзяць у нашай краіне пад знакам беларускага пісьменства. Свята ўяўляе квінтэсенцыю знакавых падзей і дасягненняў, усяго таго, што адбылося за цэлы год у літаратуры, кнігадрукаванні, гістарычнай навуцы і асветніцкай дзейнасці, музейнай справе, у нацыянальнай культуры. Дзень беларускага пісьменства даўно перасягнуў межы рэспубліканскага свята і стаў адным з важных пунктаў міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, але пры гэтым захаваў увагу да малой радзімы.

Так, штогод гарады-сталіцы свята атрымліваюць у падарунак новыя ці адноўленыя на самым сучасным узроўні кнігарні, адрамантаваныя школы і бальніцы, вуліцы і паркі, аб'екты сацыяльнай і культурнай сфер. Давайце ўспомнім, якія яшчэ значныя матэрыяльныя і духоўныя сляды пакінула за многія гады свята ў рэгіёнах краіны і галоўным чынам на Гомельшчыне.



Помнік «ў» і Сад Малітвы. Першае свята пісьменства ў 1994 годзе прайшло адначасова ў Полацку, дзе адбылося ўрачыстае шэсце, Мінску, дзе былі наладжаны кніжныя выставы, і Астраўцы, дзе адкрылі помнік першаму рускаму консулу ў Японіі, беларусу Іосіфу Гашкевічу. Адыходзячы ад храналогіі, узгадаем, што падчас Дня пісьменства 2003 года ў Полацку «прапісалася» літара «ў», а помнік – і да гэтага часу любімае месца для сустрэч і сэлфі гараджан і турыстаў. А ў 2017-м быў адкрыты васьмітонны памятны знак «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці». Кампазіцыя ўяўляе сабой нізку шчытоў, на якіх намаляваны твары знакамітых гістарычных асоб – ад легендарнага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да Усяслава Чарадзея і Еўфрасінні Полацкай, а са зваротнага боку адлюстраваны вехі станаўлення беларускай дзяржаўнасці – важныя гістарычныя даты і культурныя каштоўнасці.

Другі раз Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў 1995 годзе ў Тураве, які атрымаў копію старажытнага Тураўскага Евангелля XI стагоддзя і адметны фальклорны фестываль «Тураўская багатуха». У 2004-м свята зноў вярнулася на Тураўшчыну і прынесла Гомелю помнік Кірылу Тураўскаму, рэканструяваную цэнтральную частку палаца Румянцавых і Паскевічаў, а Тураву, акрамя шэрагу адноўленых аб'ектаў, – статус горада, прыродны газ і першы Сад малітвы, закладзены каля храма.

Рок-опера ад Купалы і «Рог» з металу. Пачынаючы з 1996 года, у храналагічным парадку свята пісьменства сустракалі жыхары Навагрудка, Нясвіжа, Оршы, Пінска, Заслаўя, Мсціслаўля, Міра, Камянца, Паставаў, Шклова, Барысава і Смаргоні. А ў 2010 годзе свята адбылося ў Хойніках. Тут адкрыліся Дом абрадаў і рэканструяваны комплекс «Сядзібны дом» – архітэктурны помнік XIX–пачатку XX стагоддзя, у якім размясціліся экспазіцыі мясцовага краязнаўчага музея. Быў адкрыты стадыён са штучным пакрыццём  і крытымі трыбунамі на паўтары тысячы месцаў. У гарадскім парку з'явіўся амфітэатр, куды можна запрасіць заезджых артыстаў, а скульптурная кампазіцыя «Па старонках твораў Івана Мележа», якую ўстанавілі непадалёк, стала любімым месцам для здымкаў на памяць не толькі ў жыхароў Хойнікаў, але і ў іх гасцей. У саміх жа святочных мерапрыемствах удзельнічалі літаратары з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Польшчы, Чарнагорыі ды іншых краін. А на галоўнай сцэне прагучала рок-опера паводле паэмы Янкі Купалы «Курган», якой у 2010-м споўнілася 100 гадоў.

Далей свята пісьменства праходзіла ў Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве, Шчучыне, а ў 2016 годзе – ў Рагачове, які атрымаў у падарунак не толькі рэканструяваныя будынкі чыгуначнага вакзала і пошты, але таксама восем карцін свайго знакамітага ўраджэнца мастака Анатоля Каплана з прыватнай калекцыі з Санкт-Пецярбурга. Дарэчы, упершыню за гісторыю свята ў ім бралі ўдзел дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 замежных краін, а з дапамогай тэлемаста да мерапрыемстваў падключыліся гарады-пабрацімы Рагачова.

У Дзень пісьменства ў горадзе прэзентавалі адразу тры новыя аб'екты: Дом кнігі, размешчаную тут жа кнігарню і музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Асушылі ў Рагачове і балота, на месцы якога выкапалі два азёры, побач будаўнікі выклалі тратуарнай пліткай прыгожую набярэжную. А каля абноўленага фантана ўсталявалі адліты з металу сімвал горада – «Рог».

У 2017 годзе сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў ужо згаданы старажытны Полацк – родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Юбілейнае, 25-е па ліку, свята ў 2018 годзе прыняў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Далей гасцей сустракалі Слонім, Бялынічы і Капыль.

*  *  *
Зараз Дзень беларускага пісьменства прымае Добруш, вядомы з XVI стагоддзя. Тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка (1870 год) і фарфоравы завод, а знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з'яўляецца пісьменнік Іван Шамякін. Урачыстае адкрыццё помніка класіку нацыянальнай літаратуры абяцае быць яскравым і святочным. Але пра гэта мы раскажам у бліжэйшых матэрыялах газеты.

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N