Канстанцін Усовiч сабраў у хрэстаматыi найлепшыя вершы пра беларускую мову | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Татьяна Сычкова Татьяна Сычкова Автор текста
10:00 21 Февраля 2020 Культура

Канстанцін Усовiч сабраў у хрэстаматыi найлепшыя вершы пра беларускую мову

Нездарма кажуць: галоўны культурны скарб кожнага народа – мова. Менавіта ў гэтым і перакананы спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага аддзела Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Канстанцін УСОВІЧ. Зараз ён рыхтуе да выдання хрэстаматыю, у якой самастойна сабраў найлепшыя вершы пра нашу родную, мілагучную і такую прыгожую беларускую мову. Прычым вы ніколі не здагадаецеся, колькі часу на гэта спатрэбілася. Ні больш, ні менш, а практычна паўстагоддзя.



На жаль, мы размаўляем, пішам на матчынай мове зусім не так часта, як хацелася б. Аднак ёсць сярод нас і тыя, хто бясконца адданы беларускаму слову. І Канстанцін Усовіч, безумоўна, адзін з іх.



З чаго ўсё пачынаецца? З кахання. Да родных людзей, да зямлі, дзе нарадзіўся, да мовы, якую чуеш з маленства. Мабыць, можна казаць пра тое, што маленькаму Косціку ў свой час пашчасціла: усе дысцыпліны ў яго школе выкладалі па-беларуску. Роднае слова гучала паўсюль – як жа было не ўлюбіцца?


Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай установы малады чалавек паступіў у ВНУ на гістарычна-філалагічны факультэт. Падчас вучобы шмат чытаў мастацкай літаратуры і кожны раз, калі сустракаў верш пра родную мову, радаваўся: якая прыгажосць!


– Мне вельмі падабалася, – шчыра кажа Канстанцін Сяргеевіч. – Я сапраўды захапляўся. І ў 1974 годзе,  на чацвёртым курсе, з’явілася ідэя сабраць усе гэтыя вершы ў адным выданні. А чаму б і не? Тым больш я ведаў, што падобная кніга, прысвечаная рускай мове, ужо існуе. Так і пачалася мая праца. 


Твор за творам, Канстанцін Усовіч адшукаў каля ста вершаў і з такім матэрыялам прыйшоў да загадчыка кафедры  беларускай мовы Уладзіміра Анічэнкі. Прафесар задуму падтрымаў, натхніўся, і ў 1990-м выдавецтвам «Народная асвета» кніга была надрукавана. Праз восем гадоў з’явілася другая частка. Прычым у абедзвюх рэцэнзентам выступіў сам Ніл Гілевіч. Менавіта яму і прысвечаны выданні. 


Кнігі разышліся, папоўнілі бібліятэчныя фонды, былі сапраўды запатрабаваныя. Але ж на гэтым праца Канстанціна Сяргеевіча не спынілася. Ён працягваў збіраць прыгожыя вершы пра родную мову. Адзначаў тыя, што не заўважыў раней, дадаваў новыя, якія з’явіліся зусім нядаўна, аднак таксама заслугоўвалi ўвагі. І раптам вырашыў абагульніць усё, што знайшоў з 1974 года па наш час. Так і пачала стварацца вялікая хрэстаматыя з цудоўнай назвай «Паэтычны летапіс беларускай мовы». Зараз аўтар, як кажуць, даводзіць яе да розуму, але ж спадзяецца ўсё скончыць ужо ў сакавіку гэтага года.  


– Хрэстаматыя будзе змяшчаць 1250 вершаў і ўрыўкаў з паэм 487 айчынных і 50 замежных паэтаў пра галоўны культурны здабытак нашага народа – беларускую мову. Прычым прадстаўленыя творы напісаны больш чым за 500 гадоў: з 1517 па 2020, – удакладняе Канстанцін Усовіч. – Выданне амаль на 950 старонак адрасуецца вучням старэйшых класаў і настаўнікам сярэдніх агульнаадукацыйных школ, навучэнцам гімназій і каледжаў, студэнтам ВНУ, выкладчыкам і ўсім прыхільнікам беларускай мовы.


А нам застаецца пажадаць аўтару толькі поспехаў у няпростай справе. І ў чарговы раз натхніцца чалавечай адданасцю роднаму слову, якую Канстанцін Сяргеевіч захоўвае на працягу ўсяго свайго жыцця.  










Автор фото: Анна Пащенко

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N