IT: адукацыя, кадры, кар`ера | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Елена Байдан Елена Байдан Автор текста
15:50 06 Сентября 2016 Общество

IT: адукацыя, кадры, кар`ера

Колькасць тых, хто жадае звязаць працоўную біяграфію са сферай IТ, штогод расце. Самая кароткая дарога ў гэтым накірунку пралягае праз тэхнічныя спецыяльнасці. У інтэрв'ю «ГВ» выкладчык з 30-гадовым стажам, загадчык кафедры аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі фізічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны Віктар Ляўчук распавёў пра перспектывы навучання праграмаванню ў ВНУ.

– Ва ўсім свеце высокія тэхналогіі выйшлі ў прыярытэт. Віктар Дзмітрыевіч, як вы лічыце, чаму?

- Сфера IТ дынамічная і перспектыўная. Ніхто ўжо не пытаецца: навошта Беларусі патрэбны айцішнікі? Праграміст ці сістэмны адміністратар - гэта прэстыжныя і прыбытковыя прафесіі. Яны даюць магчымасць спецыялісту выконваць цікавыя задачы, расці прафесійна, атрымліваць годны заробак. Для любой дзяржавы, якая мае тэхнічныя кадры, важна выйсці на знешнія рынкі. Развіццё інфармацыйных тэхналогій прыцягвае інвестыцыі. Гэтае пытанне заўсёды актуальнае для эканомікі.

– Згодна з вамі. Аднак некаторыя сцвярджаюць: замежныя IТ-кампаніі, якія працуюць у Беларусі, не развіваюць нашу эканоміку.

- Напэўна, не ўсе задумваюцца пра тое, што заказчык аплочвае кожную гадзіну працоўнага часу праграміста ў валюце. Яна канвертуецца ў беларускія рублі. Гэтыя грошы выдаткоўваюцца на арэнду, падаткі. Пры паспяховых выніках працы кампаніі пашыраюцца і ствараюць новыя працоўныя месцы. А спецыялісты  добра зарабляюць. І далей яны набываюць нерухомасць, аўто і іншыя матэрыяльныя рэчы ў нашай краіне.

– Зараз у СМІ часта пішуць пра камп'ютарныя праграмы або мабільныя дадаткі, якімі ўсе карыстаюцца.

- Viber, Apalon, MAPS.ME, MSQRD і іншыя вядомыя прадукты звязаны з Беларуссю. Многія ўжо не дзівяцца, калі чуюць, што вось тая гульня - беларуская, і гэты дадатак - аказваецца, таксама. Пра карані гэтых праектаў усё больш гавораць не толькі прафесіяналы на спецыялізаваных інтэрнэт-парталах, але па тэлебачанні, эксперты ў бізнес-колах. Беларускія IT-кампаніі працуюць на ўмацаванне лэйбла Made in Belarus. IT-брэнды можна выкарыстоўваць для дэманстрацыі высокага ўзроўню развіцця тэхналогій у краіне. Развіццё высокаадукаванага грамадства – падмурак паспяховай будучыні Беларусі. Галоўным рэсурсам, спадзяюся, будзе інтэлект.

– Што вы думаеце з нагоды «ўцечкі мазгоў»?

- Мяркую, тэма актуальная ў эпоху глабалізацыі эканомікі. Наогул трэба размяжоўваць два паняцці: працяглая камандзіроўка і эміграцыя. Першы варыянт мае масу станоўчых аспектаў: павышэнне кваліфікацыі, новыя кантакты, пашырэнне кругагляду, свежыя ідэі. Спецыялісты атрымліваюць карысны досвед і па заканчэнні камандзіроўкі, як правіла, вяртаюцца дадому. А ў другім выпадку мы губляем інтэлектуальны патэнцыял. Праблема ў пэўнай ступені змяншаецца за кошт таго, што вызваляюцца працоўныя месцы для моладзі. Да таго ж у краінах, куды эмігруюць нашыя спецыялісты, складваецца станоўчы імідж Беларусі. А гэта ў перспектыве можа прыцягнуць інвестыцыі.

– Па дадзеных Парку высокіх тэхналогій, сярод рэгіянальных ВНУ ў падрыхтоўцы кадраў вылучаецца ГДУ імя Ф. Скарыны.

- Удакладню: Парк высокіх тэхналогій збірае статыстыку толькі ў дачыненні да сваіх кампаній-рэзідэнтаў. А гэты сегмент рынку працы для кафедры АСАI найбольш важны і паказальны. Ён адлюстроўвае якасць падрыхтоўкі праграмістаў і тэсціроўшчыкаў. Акрамя іх, фізічны і матэматычны факультэты штогод выпускаюць кваліфікаваных сістэмных адміністратараў, аналітыкаў і іншых IТ-спецыялістаў.

– На ваш погляд, на якіх спецыяльнасцях – класічных або новых – навучанне пабудавана аптымальна?

- Фізічны факультэт істотна пашырыў магчымасці абітурыентаў і працадаўцаў. Летась студэнты пачалі навучацца на спецыяльнасцях «Электронныя сістэмы бяспекі» і «Праграмуемыя мабільныя сістэмы». Яшчэ на адну спецыяльнасць, «Камп'ютарная фізіка», набралі першых студэнтаў сёлета. Але праграма навучання на новых спецыяльнасцях яшчэ не «абкатаная». З асабістага досведу скажу: каб працэс выбудаваць эфектыўна, патрабуецца не менш за тры гады крапатлівай працы выкладчыкаў.

– Ці ёсць залежнасць паміж колькасцю балаў, набраных на цэнтралізаваным тэставанні, і паспяховым працаўладкаваннем?

- Такая заканамернасць ёсць. Тым не менш, задача выкладчыцкага калектыву – раскрыць патэнцыял кожнага студэнта незалежна ад яго падрыхтоўкі ў школе. На нашай кафедры мы актыўна ўжываем як тэхнічныя сродкі, так і педагагічныя прыёмы. Напрыклад, тыповую навучальную аўдыторыю можам пераўтварыць у камп'ютарны клас. Вядома, з дапамогай нашых студэнтаў, бо практычна ва ўсіх ёсць ноўтбукі. Кафедра забяспечвае наяўнасць у аўдыторыі Wi-Fi-роўтара і сеткавых фільтраў. Затым выкладчык запускае праграмнае забеспячэнне для кіравання віртуальным класам. Такі фармат правядзення заняткаў мы рэкамендуем калегам. З педагагічных прыёмаў прывяду прыклад практыкі парнага навучання. На маіх занятках над адной задачай разам працуюць па 2-3 студэнты. Удзельнікі міні-калектыву пачынаюць хутка прагрэсаваць, калі разам знаёмяцца з пастаноўкай праблемы, шукаюць варыянты яе эфектыўнага вырашэння, аналізуюць абмежаванні, прапануюць альтэрнатыўныя тэсты. У працэсе праграмавання і наладкі яны абмяркоўваюць прамежкавыя вынікі і кантралююць адзін аднаго.

– Кар'еру з Паркам высокіх тэхналогій звязваюць ўсе выпускнікі, атрымаўшыя спецыяльнасць «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі»?

- Стварэнне праграм патрабуе не толькі грунтоўных ведаў, але і пэўных якасцяў характару. Шмат чаго залежыць ад падрыхтоўкі ў школе, у ВНУ. Акрамя тэорыі, трэба ўмець прымаць рашэнне і несці за яго адказнасць, даваць вынік у кароткія тэрміны, быць здольным працаваць у камандзе. Зразумела, не ўсе студэнты патрапяць у кампаніі-рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій. Па-першае, там патрабуюцца толькі праграмісты і тэсціроўшчыкі. Па-другое, ПВТ не заўсёды мае вольныя працоўныя месцы. Заказчыкі ў Еўропе ці ЗША прад'яўляюць жорсткія па-трабаванні і асобна ўзгадняюць кожную кандыдатуру. Такім чынам, туды забяруць найбольш камунікатыўных і мэтанакіраваных. Аднак IТ-спецыя-лісты патрэбныя не толькі ў EPAM Systems або IBA Gomel, але і ў сферы прамысловасці. Студэнты раз-мяркоўваюцца на прадпрыемствы «Белтэлекам», «Беларуснафта», «Гарант», «Тэлерадыёкампанія "Гомель"» і іншыя. Мы супрацоўнічаем і са сталічнай кампаніяй «ГБСофт». Гэта стала магчымым пасля таго, як дырэктар прадпрыемства, дарэчы, выпускнік кафедры АСАI, прапанаваў дапамогу ў арганізацыі гадавога трэнінгу па платформе «1С: Прадпрыемства 8.2». Далей падчас практык студэнты замацоўваюць веды ў Мінску ў вытворчым асяроддзі. Ёсць і іншыя варыянты працаўладкавання. Сёлета наш студэнт адкрыў уласную кампанію на базе Гомельскага тэхнапарку.

– EPAM Systems – адзіная ІТ-кампанія ў Гомелі, якая не толькі наймае гатовых спецыялістаў, але і навучае людзей без прафадукацыі. Яна арганізуе ўласныя трэнінгі з наступным працаўладкаваннем будучых шчасліўцаў. Ужо больш за 10 гадоў вы плённа працуеце ў гэтай сістэме трэнерам па Java. У вашым кабiнеце я заўважыла калекцыю дыпломаў «Best Performing Trainer».

- У EPAM Systems ёсць адмысловая праграма навучання, якая вылучаецца мноствам магчымасцяў для студэнтаў і выпускнікоў тэхнічных навучальных устаноў, якія жадаюць пачаць кар'еру ў ІТ. Кампанія пастаянна пашыраецца. Таму ёй патрэбныя новыя спецыялісты. Ды і ВНУ не знаходзяцца ўнутры вытворчасці, каб улічваць усе патрэбы гомельскага офіса. Трэнінгі праходзяць у два этапы: знешні і ўнутраны. На першым падрыхтоўка адбываецца на базе нашага ўніверсітэта, на другім – ва ўнутранай лабараторыі кампаніі. Студэнтаў ніхто не прымушае ўдзельнічаць у да-дзенай форме навучання. Але той, хто выкарыстаў свой час з розумам, атрымлівае істотную канкурэнтную перавагу. Шмат хто з праграмістаў не па чутках ведае, што эпамаўскія трэнінгі – самы спрыяльны старт у ІТ-кар'еры. Асабіста для мяне дзейнасць у якасці трэнера EPAM Systems дае выключную магчымасць гарманічна спалучаць асноўную працу ў ВНУ з вытворцамі праграмнага забеспячэння.

– Чула, што кафедру наведваюць прадстаўнікі знакамітых айцішных кампаній.

- Так, такая практыка існуе. Калі ПВТ толькі ствараўся (а гэта было 10 гадоў таму), ён праводзіў інфармацыйную кампанію. Кіраўніцтва Парка высокіх тэхналогій збірала студэнцкія аўдыторыі, прыязджала ў рэгіёны. Сярод нашых гасцей былі і Game Stream (беларускі цэнтр распрацоўкі кампаніі Wargaming), і Viber, і IBA Group, і іншыя, офісы якіх знаходзяцца па ўсім свеце. Зараз, наадварот, паколькі ПВТ у дадатковай рэкламе не мае патрэбы, мы робім акцэнт на прадпрыемствы Гомельскай вобласці.

– Без аналітычнага склада розуму шлях у свет высокіх тэхналогій зачынены?

- У любой сферы вітаецца сінтэз мыслення тэхнара і гуманітарыя. Таму студэнтам трэба надаваць увагу не толькі праграмаванню і камп'ютарным сеткам, але і мовам, літаратуры, гісторыі. Калі не клапаціцца пра культурны ўзровень, то ёсць рызыка назаўжды застацца на ніжняй прыступцы кар'ернай лесвіцы.

– Некаторыя дзяўчаты перакананыя, што IТ – выключна мужчынская тэрыторыя, на якую лепш не прэтэндаваць.

- Я не згодны з гэтым сцвярджэннем. Важна, каб дзяўчына мела прыхільнасць да ІТ і хацела працаваць у гэтай сферы. У нас навучаюцца шмат прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. І ўсе яны складаюць канкурэнцыю хлопцам. Акуратнасць, уважлівасць, дысцыпліна выканання - якасці, якія неабходныя ў IТ, і яны ўласцівыя большасці дзяўчат. Кожная наша студэнтка здольная авалодаць тэхналогіямі праграмавання і асновамі функцыянавання камп'ютарных сетак. Для таго, каб школьніцы не хваляваліся з гэтай нагоды, мы стварылі на сайце нашай кафедры рубрыку «asoi submarine». Гэта стужка водгукаў, дзе студэнты і студэнткі спецыяльнасці АСАI распавядаюць пра навучанне і кар'ерныя перспектывы.

– Наспеў той час, калі будучым выпускнікам патрэбна хвалявацца пра перанасычанасць рынку IT-кадрамі?

- ІТ-рынак не стаіць на месцы, ён дынамічны. Хтосьці проста мяняе кірунак у працы, хтосьці пакідае межы Беларусі. Бывае, прафесіянал адкрывае ўласны бізнэс. Вакансіі рэгулярна вызваляюцца, пастаянна адкрываюцца новыя. Таму кваліфікаваныя кадры ў Беларусі будуць запатрабаваныя, а калектыў кафедры АСАI прыкладзе ўсе намаганні, каб утрымаць статус лідэра па падрыхтоўцы ІТ-спецыялістаў у Гомельскай вобласці.


Автор фото: Ирина Чернявская

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N